Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У БАРАНАВІЧАХ СЁНЬНЯ ПРАЙШЛА ПАНІХІДА ПА АХВЯРАХ БАЛЬШАВІЦКАГА ГВАЛТУ


Алесь Горбач, Баранавічы

Месца, дзе за сталінскім тэрорам знаходзілася славутая баранавіцкая турма Крывое кола, даўно стала сымбалем смутку і жалю для многіх жыхароў Баранавічаў.

Тут у 1989 годзе ўсталявалі крыж ахвярам гвалту 1939–1953 гадоў. З таго часу прадстаўнікі мясцовых дэмакратычных суполак штогод у памінальныя дні прыходзяць сюды, каб ушанаваць памяць ахвяраў.

Сёньня, на Радаўніцу, тут прайшла паніхіда па памерлых і загінулых ад тэрору. Правёў яе ўніяцкі сьвятар айцец Яўген Маліноўскі. Сярод прысутных былі прадстаўнікі мясцовых дэмакратычных арганізацыяў, БНФ "Адраджэньне", Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ, Таварыста беларускай мовы ды іншыя.

Да жалобнага мерапрыемства далучаліся жыхары з найбліжэйшых дамоў ды тыя, хто выпадкова праходзіў побач.

Сёньня тут не гучалі прамовы, палітычныя заклікі. Людзі прыйшлі толькі схіліць галовы ды памаліцца за душы памерлых. Гімн-малітва "Магуты Божа" завершыў жалобную паніхіду.
XS
SM
MD
LG