Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАЗЫРСКАЯ МІЛІЦЫЯ ПАЛЮЕ НА ПАТЭНЦЫЙНЫХ УДЗЕЛЬНІКАЎ ЧАРНОБЫЛЬСКІХ МЕРАПРЫЕМСТВАЎ


Казімер Яноўскі, Мазыр

Такую заяву на імя начальніка міліцыі Рабцава вымушаны быў напісаць старшыня гарадзкой суполкі БНФ Юрась Чаранкоў. Узор заявы прадыктаваў участковы, лейтэнант міліцыі Сяргей Дзядэнка. Ён папярэдзіў спадара Чаранкова, што тое не ягоная асабістая прыхамаць — такі загад начальства. Калі ж лідэр БНФ адмовіцца пісаць заяву, участковы мусіць скласьці адпаведны пратакол.

Міліцыянты актыўна шукаюць кіраўніка мясцовага праваабарончага цэнтру "Вясна-96", ліквідатара-чарнобыльца Ўладзімера Целяпуна — хочуць, каб таксама напісаў падобную заяву.

Абодва лідэры падалі заяўкі, каб правесьці а 18-й гадзіне 26 красавіка жалобны мітынг у цэнтры гораду, ля каплічкі ахвяраў Чарнобыля. Актывісты меркавалі запрасіць сюды сьвятароў каталіцкіх і праваслаўных парафіяў, прынесьці кветкі, запаліць сьвечкі, разгарнуць бел-чырвона-белыя сьцягі.

Аднак гарвыканкам не дазволіў правесьці акцыю. Затым міліцыя пачала шукаць актывістаў і патрабаваць ад іх заяваў, што тых папярэдзілі пра адказнасьць за парушэньне "Закону пра мітынгі й шэсьці".

Вось меркаваньне на гэты конт старшыні суполкі БНФ Юрася Чаранкова:

(Чаранкоў: ) "Яны спалохаліся, што людзі пабачаць бел-чырвона-белы сьцяг. Лічыцца, што наш горад ціхі, камуністычны, ніхто нічым не цікавіцца. А тут мы пачалі іх варушыць, і яны ўжо ведаюць, што нас нямала, шмат моладзі асабліва. Во й баяцца, каб яшчэ болей людзей да нас не падышло".
XS
SM
MD
LG