Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УНУТРАНЫЯ ВОЙСКІ РЫХТУЮЦЦА ДА ЧАРНОБЫЛЬСКАГА ШЛЯХУ


Любоў Лунёва, Менск

Салдаты ўнутраных войскаў штодня адпрацоўваюць дзеяньні па разгоне масавых акцыяў. Інструктары вучаць салдат расьсякаць натоўп на лякальныя групы, каб потым кідаць удзельнікаў акцыі ў аўтазакі. Акрамя таго, салдатаў рыхтуюць адсякаць журналістаў ад натоўпу ды інструктуюць, як абыходзіцца з журналістамі, якія маюць апаратуру.

Паводле неафіцыйных крыніцаў, падчас акцыі 26 красавіка могуць быць ужытыя спэцсродкі — сьлезацечны газ і вадамётныя машыны.

Улады выявілі "баявы" настрой мінулай суботай на акцыі Маладога Фронту. На 16 юнакоў улады выставілі 3 аўтобусы міліцыянтаў, 2 аўтобусы АМОНаўцаў, 4 аўтазакі й некалькі міліцэйскіх "варанкоў".

Звычайна міліцыянтаў падчас разгону дэманстрацыяў стрымліваюць журналісты зь відэакамэрамі, бо праваахоўчыя структуры імкнуцца не ствараць "карцінку" са зьбіцьцём удзельнікаў акцыяў.

Але акцыя 26 красавіка будзе розьніцца ад ранейшых тым, што ўсе расейскія тэлежурналісты, акрэдытаваныя ў Менску, у гэты дзень мусяць быць у Гомелі, дзе будзе сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзімера Рушайлы.

Што да мерапрыемстваў на 15-ю гадавіну Чарнобыльскай трагедыі, дык улады дасёньня не жадаюць шукаць кампрамісу з апазыцыяй. Такім чынам, кожны затрыманы ўдзельнік Чарнобыльскага шляху паводле дзейнага беларускага заканадаўства будзе лічыцца парушальнікам грамадзкага парадку. Усё ж апазыцыя мае намер правесьці заплянаванае мерапрыемства.

Гаворыць адказны сакратар Управы БНФ Аляксей Кавалец:

(Кавалец: ) "Улады не прапаноўваюць нічога, каб вырашыць пытаньні правядзеньня Чарнобыльскай акцыі — мы задумалі малебен, гадзіну смутку, перадачу пэтыцыі. Ёсьць чуткі, што будуць ледзь ня труціць усіх, што будуць жорстка ставіцца...

Але мы ладзім мірную акцыю. Мы будзем са сьвечкамі маліцца — згадаем загіблых, памолімся за будучае нашых дзяцей, за Беларусь. Пасьля перадамо пэтыцыю ўраду, якая патрабуе большай увагі да Чарнобыльскіх праблемаў. Не зьбіраемся мы біцца, спрачацца, будзе мірная акцыя, негвалтоўная.

Нашых хлопцаў, што служаць ва ўнутраных войсках, вучаць біць мірных дэманстрантаў, сваіх бацькоў, братоў, дзяўчат сваіх — гэта можа рабіць толькі злачынная ўлада. Мы ўпэўненыя, што тыя маладыя людзі на акцыі будуць паводзіць сябе адэкватна паводзінам дэманстрантаў".

Супрацоўнікі менскай міліцыі 26 красавіка будуць працаваць у "рэжыме ўзмацненьня". Гэта азначае, што асабовы склад аддзелаў міліцыі павінен быць на службе, а на менскіх вуліцах праз кожныя 50 мэтраў будуць міліцэйскія патрулі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG