Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСЬ МОЖА СТРАЦІЦЬ СЯБРОЎСТВА Ў ЭЎРАПЕЙСКІМ БАНКУ РЭКАНСТРУКЦЫІ І РАЗЬВІЦЬЦЯ


Юры Сьвірко, Прага

У Лёндане праходзіць трохдзённае штогадовае паседжаньне Рады дырэктараў Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця, у якім бярэ ўдзел афіцыйная беларуская дэлегацыя на чале зь віцэ-прэм’ерам Валер’ем Кокаравым.

З нагоды штогадовага паседжаньня вядомая брытанская газэта Financial Times надрукавала сёньня артыкул, дзе паведаміла, цытую:
“Банк папярэдзіў Беларусь, што яна рызыкуе страціць сваё сяброўства праз няздольнасьць прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі забясьпечыць дэмакратычныя зьмены ці рынкавую эканоміку”.

Каб даведацца падрабязнасьці гэтага сур’ёзнага папярэджаньня, я патэлефанаваў у Лёндан, у Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця, адкуль нам даслалі ліст прэзыдэнта банку Жана Лем’ера на імя Аляксандра Лукашэнкі, датаваны 19-м красавіка.
Спадар Лем’ер піша, што рада дырэктараў Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця абмеркавала стратэгію банку што да Беларусі на адмысловай сустрэчы.

“У часе сустрэчы паўстала сур’ёзная заклапочанасьць наконт неадэкватнага выкананьня Беларусьсю першага артыкулу пагадненьня пра заснаваньне банку, які патрабуе ад усіх краінаў-сяброў узяць на сябе абавязальніцтвы і прытрымлівацца прынцыпаў шматпартыйнае дэмакратыі, плюралізму й рынкавае эканомікі,” – напісаў Аляксандру Лукашэнку Жан Лем’ер.

Ён нагадвае ў лісьце, што на гэта ўжо зьвярталі ўвагу беларускіх уладаў у мінулым.

“Нягледзечы на паўторныя запэўніваньні, банк застаецца вельмі занепакоеным наконт замаруджанага тэмпу пераходнага працэсу ў краіне. Рада дырэктараў выказала сур’ёзную заклапочанасьць правядзеньнем парлямэнцкіх выбараў мінулае восені, якія – на падставе сьведчаньняў, сабраных міжнароднымі назіральнікамі, – не адпавядалі мінімальным забавязаньням пра вольныя, справядлівыя ды празрыстыя выбары, – піша прэзыдэнт Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця й дадае, – апазыцыйныя кандыдаты перасьледаваліся, а выбаршчыкі ня мелі магчымасьці ажыцьцявіць свае поўныя дэмакратычныя правы”.

Жан Лем’ер у лісьце Аляксандру Лукашэнку паведамляе таксама, што Рада дырэктараў была занепакоеная іншымі падзеямі, якія ўплываюць на грамадзянскую супольнасьць, – напрыклад, нядаўнімі захадамі, што перашкаджаюць міжнароднай дапамозе добраахвотным групам няўрадавых арганізацыяў, якія назіраюць за выбарчымі працэсамі.

Таму Рада дырэктараў Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця пагадзілася, што сытуацыя ў Беларусі будзе разгледжаная наноў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў увосень 2001 году. Ухваленая ж у красавіку стратэгія ёсьць часовая і тэрмін яе дзеяньня скончыцца менавіта ўвосень.

“Калі ня будзе паляпшэньня, рада разгледзіць сытуацыю паводле пункту 8.3 пагадненьня пра стварэньне банку і можа папрасіць Раду ўпраўляючых прыняць рашэньні наконт будучыні апэрацыяў банку ў Беларусі,” – напісаў Жан Лем’ер. Ён таксама адзначыў: “Шкада, што, нягледзячы на патрэбы Беларусі ў мадэрнізацыі яе прамысловага сэктару ды інфраструктуры дзеля паляпшэньня якасьці жыцьця яе грамадзянаў, цяперашнія ўмовы не дазваляюць банку прадаставіць Беларусі істотныя фонды, якія ён інвэстуе ў суседнія краіны”.

Кіраўнік Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця яшчэ раз нагадвае Аляксандру Лукашэнку:

“На восеньскім паседжаньні банку правядзеньне надыходзячых прэзыдэнцкіх выбараў будзе ў цэнтры ўвагі. Дазвольце мне выказаць шчырую надзею, што цягам наступных месяцаў банк зможа ўвайсьці ў канструктыўны дыялёг зь беларускімі ўладамі, а інвэстыцыйнае асяродзьзе краіны, улучна з умовамі для разьвіцьця прыватнага сэктару, будзе палепшанае”.

Жан Лем’ер піша таксама, што Рада дырэктараў банку вырашыла зрабіць гэты ліст часткаю яго стратэгіі, таму ліст будзе апублікаваны на Інтэрнэт-старонцы Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця ў адпаведнасьці зь інфармацыйнай палітыкай банку.

Сапраўды, ліст сёньня, пасьля нашай тэлефоннай размовы зь Лёнданам, быў выстаўлены на сайце www.ebrd.com
XS
SM
MD
LG