Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЧАРНАГОРЫІ ПЕРАМАГЛІ ПРЫХІЛЬНІКІ НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ


Юры Дракахруст, Прага

З 77 месцаў у рэспубліканскім парлямэнце прыхільнікі незалежнасьці атрымалі 44 мандаты, 35 зь іх заваяваў блёк “Перамога дзеля Чарнагорыі” прэзыдэнта рэспублікі Джуканавіча. Сёньня, пасьля выбараў, ён паўтарыў сваё перадвыбарчае абяцаньне – правесьці гэтым летам рэфэрэндум аб выхадзе рэспублікі зь Югаславіі.

Але варта адзначыць, што перамога прыхільнікаў чарнагорскай незалежнасьці аказалася не такой пераканаўчаю, як чакалася і як прадказвалі перадвыбарчыя дасьледаваньні грамадзкай думкі. Кааліцыя “Разам зь Югаславіяй” атрымала 33 дэпутацкія мандаты – крыху менш за палову. За яе аддалі свае галасы каля 40% выбарчыкаў. Гэтая шматлікасьць апазыцыйнай фракцыі мае ня толькі псыхалягічнае значэньне – паводле Канстытуцыі рэспублікі, вынікі рэфэрэндуму робяцца сапраўднымі толькі тады, калі іх зацьвярджаюць дзьве траціны дэпутатаў парлямэнту. Але падлік паказвае, што гэтых дзьвюх трацінаў прыхільнікі незалежнасьці якраз і ня маюць.

Як паведамляе Washington Post, напярэдадні выбараў прэзыдэнт Джуканавіч заявіў, што волі большасьці народу да незалежнасьці, выказанай на рэфэрэндуме, будзе дастаткова. Аднак ён не ўдакладніў, як ён мяркуе пераадолець канстытуцыйную ўмову.

Ва ўчорашніх выбарах прыняла ўдзел рэкордная колькасьць выбаршчыкаў – 81% . За галасаваньнем у 600-тысячнай Чарнагорыі назіралі каля трох тысячаў наглядальнікаў, у тым ліку 200 замежных. Ніякіх істотных парушэньняў выбарчага заканадаўства зафіксавана не было, праўда, на двух выбарчых участках пабіліся прыхільнікі і праціўнікі незалежнасьці.

Тое, што посьпех незалежніцкіх сілаў на чарнагорскіх выбарах аказаўся даволі сьціплым, пагоршыла і міжнародныя ўмовы рэалізацыі іх памкненьняў. Сёньня югаслаўскія і сэрбскія ўлады выступілі з заявамі пра тое, што рэфэрэндум пра чарнагорскую незалежнасьць ня мае сэнсу, бо, як паказалі ўчорашнія выбары, палова насельніцтва рэспублікі супраць выхаду з фэдэрацыі. Хутчэй за ўсё, меркаваньні бялградзкіх палітыкаў для чарнагорскіх прыхільнікаў незалежнасьці ня надта істотныя – ад Бялграду яны і зьбіраюцца аддзяліцца. Але сёньня ж міністар замежных справаў Нямеччыны Фішар папярэдзіў чарнагорскія ўлады пра недапушчальнасьць аднабаковых крокаў і заклікаў да перамоваў з Бялградам.

Амэрыканская амбасада ў Бялградзе прапанавала зьмяніць чарнагорскі закон пра рэфэрэндум, каб для абвяшчэньня незалежнасьці было патрэбна істотна больш паловы галасоў выбаршчыкаў. Гэтае меркаваньне падтрымаў лідэр чарнагорскай кааліцыі “Разам зь Югаславіяй” Булатавіч.

Вынікі ўчорашніх выбараў у Чарнагорыі не далі пэўнага адказу на пытаньне, ці стане гэтая рэспубліка незалежнай. Але падаецца, што ў любым выпадку гэтыя вынікі прымусяць прыхільнікаў чарнагорскай незалежнасьці ўвайсьці ў складаная перамовы як са сваімі апанэнтамі ўнутры рэспублікі, гэтак і зь югаслаўскімі ўладамі і з заходнімі краінамі.
XS
SM
MD
LG