Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛУКАШЭНКА ЯК ГАЛОЎНЫ АГІТАТАР І ПРАПАГАНДЫСТ У КАМАНДЗЕ ЛУКАШЭНКІ


Вядучы Віталь Цыганкоў

Наколькі эфэктыўная і дзейсная прапагандысцкая палітыка ўлады? Ці ўплывае гэтая агітацыя на палітычны выбар беларусаў?

(Цыганкоў: ) "Сёньня мы абмяркуем мэтады й сродкі, якімі карыстаецца дзяржаўная прапагандысцкая машына. Ці ўплывае гэтая агітацыя на настрой людзей, на іхны палітычны выбар.

Пачнем, бадай, з канстатацыі факту — за апошнія месяцы прапагандысцкія высілкі дзяржаўнага "агітпропу" моцна павялічыліся.

Праграма Азаронка, ідзе па Беларускім тэлебачаньні двойчы на тыдзень, пры гэтым паўтараецца на наступны дзень пасьля выхаду.

Таксама часам зьяўляюцца асобныя "творы" — прыкладам, у чацьвер 19 красавіка БТ паказала фільм пра Курапаты. Фільм меў за мэту зьняславіць памяць Курапатаў, даказаць, што там расстрэльвалі ня органы НКВД, а фашысты ды іхныя памагатыя, якія ходзяць пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.

Мацнеюць прапагандысцкія матэрыялы ў дзяржаўнай прэсе, а прамовы Аляксандра Лукашэнкі ўсё больш нагадваюць выступы кандыдата на прэзыдэнта, а не кіраўніка дзяржавы, хаця й нелегітымнага.

Ці можа такое павелічэньне прапаганды ўплываць на беларусаў, на іхныя рашэньні падчас выбараў? Наколькі дзейсная і эфэктыўная гэтая агітацыя?"

(Глод: ) "Найперш я задаюся пытаньнем — навошта гэтулькі агітацыі, калі Лукашэнка нібыта далёка абышоў сваіх канкурэнтаў паводле рэйтынгу? Навошта надалей увесь час казаць, што апазыцыя — гэта вельмі дрэнна, а Лукашэнка — гэта надзвычай добра?

Я думаю, адказ у тым, што рэйтынг Лукашэнкі не такі высокі, як гэта хочуць паказаць. І адчувае гэта найперш сам Лукашэнка. І таму, я думаю, быў загад — паказваць як найлепш кандыдатуру кіраўніка дзяржавы.

А далей робіцца паводле нашых звычайных стандартаў — прымусь дурня Богу маліцца, дык ён і лоб паб'е. Вось нешта падобнае адбываецца ў формах і мэтадах працы беларускіх дзяржаўных мэдыяў".

(Цыганкоў: ) "У незалежнай прэсе зьяўляюцца меркаваньні, што прапагандысцкія высілкі каманды Лукашэнкі вельмі падобныя на тое, што рабіў у 1994 годзе тагачасны кандыдат ад улады Вячаслаў Кебіч. Таму аналітыкі прыпускаюць, што гэта можа прывесьці Лукашэнку да такіх самых вынікаў. Ды й прапагандысцкую каманду ўзначальваюць тыя ж людзі — Міхаіл Мясьніковіч ды Ўладзімер Замяталін.

Ці справядлівыя падобныя паралелі? Ці можна ўбачыць адрозьненьні ў прапагандысцкай кампаніі Кебіча й Лукашэнкі?"

(Карбалевіч: ) "Відавочна, нейкія паралелі ёсьць, але да ўсякіх паралеляў ды аналёгіяў трэба ставіцца асьцярожна — усе яны ўмоўныя.

Ёсьць значныя адрозьненьні. Першае, інтэнсіўнасьць і агрэсіўнасьць прапаганды на некалькі парадкаў вышэй зараз, чым было за Кебічам.

Другое — перакрытыя каналы альтэрнатыўных крыніцаў інфармацыі, якія былі тады. Тагачасная наймасавая "Народная газета" была практычна ў руках апазыцыі, была радыёпраграма "Беларуская маладзёжная", хаця яе пэрыядычна закрывалі.

Але самае галоўнае — асоба Аляксандра Лукашэнкі значна больш яркая за асобу Кебіча. Лукашэнка ўсё ж харызматычны палітык.

Здавалася б, зараз прымяняюцца мэтады, што выкарыстоўваліся і ў савецкі час. То бок звычайны традыцыйны савецкі "агітпроп", адаптаваны нейкім чынам да сучасных умоваў. Але савецкі "агітпроп" апошнія гады дзейнічаў вельмі дрэнна, але ў цяперашняй Беларусі ён больш-менш дзейнічае, калі зірнуць на рэйтынг Лукашэнкі й паказчык даверу дзяржаўным СМІ.

У тую старую, напалову савецкую сыстэму прапаганды ўмайстраваная фігура харызматычнага лідэра. І гэта дае вынік —старыя мэтады, якія раней былі неэфэктыўныя, зараз робяцца эфэктыўнымі. Іншая рэч, ці вялікі той эфэкт..."


(Цалкам тэкст перадачы зьмешчаны ў адпаведным разьдзеле сайту)

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG