Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАСТОЦКІ СУД ХОЧА ВЫДАЦЬ АНДРЭЯ ЖУКАЎЦА БЕЛАРУСІ. ГЕНЭРАЛЬНЫ ПРАКУРОР ПОЛЬШЧЫ — СУПРАЦЬ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Тры дні таму беластоцкі акруговы суд пастанавіў выдаць беларускім уладам бізнэсоўца Андрэя Жукаўца, які з 1999 году жыве ў Польшчы. Пракуратура Беларусі абвінавачвае спадара Жукаўца ў невяртаньні дзяржаве буйнога крэдыту (больш за 700 тысячаў даляраў), які ён узяў дзеля арганізацыі сьветлавой рэклямы ў Менску ды іншых гарадах.

Беларускія ўлады накіравалі ў справе Жукаўца пошукавы ліст у "Інтэрпол", на падставе якога бізнэсоўца і затрымалі напачатку лютага ў Беластоку.

Сам Андрэй Жукавец сьцьвярджае, што беларускія ўлады перасьледуюць яго паводле палітычных матываў, бо ён дапамагаў грашыма некаторым апазыцыйнам арганізацыям у Беларусі, а таксама браў удзел у вулічных акцыях апазыцыі.

Больш за 3 месяцы правёў Андрэй Жукавец у экстрадыцыйнай турме, дзе некалькі разоў абвяшчаў галадоўку.

У пятніцу акруговы суд у Беластоку прыняў рашэньне выдаць Жукаўца Беларусі. На думку судзьдзяў і пракурора, справа Андрэя Жукаўца крымінальная, у Беларусі ягонаму жыцьцю й здароўю нічога не пагражае. Паводле прадстаўнікоў "Зьвязу беларускіх палітычных уцекачоў", суд таксама не зьвярнуў увагі на тое, што ў абарону Жукаўца выступіў Польскі Гельсынскі камітэт ды іншыя праваабарончыя арганізацыі, сэнатар Ян Хайноўскі.

Аднак рашэньне беластоцкага суда зусім не азначае, што Андрэй Жукавец будзе выдадзены беларускаму боку. Канчатковае рашэньне ў гэтай справе павінен прыняць генэральны пракурор Польшчы.

Днямі кіраўнікі "Зьвязу ўцекачоў" Ясь Абадоўскі й Андрэй Юцкевіч сустрэліся ў Варшаве з генэральным пракурорам і міністрам юстыцыі Лехам Качыньскім і прасілі яго не выдаваць Беларусі Андрэя Жукаўца й Леаніда Воўка — апошні каля 2 месяцаў правёў у турме і толькі нядаўна выйшаў на волю пад грашовы заклад. Гаворыць Ясь Абадоўскі:

(Абадоўскі: ) "Мы знайшлі паразуменьне са спадаром міністрам Качыньскім. Людзі зьвязаныя зь беларускай апазыцыяй, людзі, якія дапамагалі беларускай апазыцыі, ні ў якім выпадку ня будуць выдадзеныя рэжыму Лукашэнкі. І калі генэральны пракурор Польшчы (ён жа й міністар юстыцыі) заяўляе, што не плянуе ставіць свой подпіс пад выдачай спадара Жукаўца й Леаніда Воўка — мы канечне ж задаволеныя".

Сёньня прадстаўнікі "Зьвязу ўцекачоў" зьвярнуліся да Леха Качыньскага з просьбай вызваліць Андрэя Жукаўца з турмы пад падпіску пра нявыезд. А рашэньне беластоцкага суда аб экстрадыцыі спадара Жукаўца ў блізкім часе будзе абскарджанае ў вышэйшым апэляцыйным судзе Польшчы.
XS
SM
MD
LG