Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У СТАРЫХ ДАРОГАХ – НОВЫ НАЦЫЯНАЛЬНЫ МУЗЭЙ


Алесь Мікалайчанка, Старыя Дарогі

Урэшце здалі трэцюю (і апошнюю) чаргу музэя. Музэй паўстаў на сядзібе старшыні гістарычнага клюбу "Спадчына" мастацтвазнаўцы Анатоля Белага. Высілкамі айчынных фундатараў і фундатараў ад беларускай дыяспары ў ЗША — паэта Анатоля Бярозкі й журналісткі Сьвятланы Белай — завершанае будаўніцтва музэя.

Сёньня раніцай першымі наведнікамі новага музэйнага будынка сталі сябры філіі партыі БНФ Старадароскага раёну. Сваімі ўражаньнямі ад падзеі дзеліцца Леанід Яновіч, старшыня суполкі:

(Яновіч: ) "Тут адлюстраваная гісторыя нашага народу. Такую выставу нідзе ў Беларусі ня знойдзеш. Людзі прыходзяць у музэй. Настаўнікі ўсіх школаў, хаця ім і забаранілі, яны сваіх вучняў у музэй прыводзяць. Мы бачым тут людзей, якія мысьляць незалежна ад таго, што кажа ўлада".

А ўчора адбылося ўрачыстае адкрыцьцё новага музэйнага будынка. Апоўдні адзін з архітэктараў комплексу і прараб, старадарожац Рыгор Станкевіч, адчыніў дзьверы толькі што паўсталага гмаху. Не прамаўляючы лішніх словаў, ён проста запрасіў прайсьці сюды гасьцей зь Менску, Старых Дарогаў ды іншых местаў краіны.

У новым будынку на два ўзроўні сем заляў. У экспазыцыі — творы графікі, літаграфіі, мэдальернага мастацтва, чаго не было ў памяшканьнях першай і другой чэргаў. Прыцягваюць увагу творы сяброў суполкі "Пагоня" Міколы Купавы, Яўгена Куліка і мастакоў з клюбу "Спадчына" Аляксея Карпука, Анатоля Крывенкі й Алеся Цыркунова. На іхных творах — Скарына і Гусоўскі, Касьцюшка і Каліноўскі, Багдановіч і Купала, а таксама сучасныя палітыкі-адраджэнцы, слынныя вучоныя і дзеячы нацыянальнай культуры.

Вось што сказала Радыё Свабода на адкрыцьці музэю кіраўніца Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Вольга Іпатава:

(Іпатава: ) "Тут сабраныя найлепшыя мастакі Беларусі. І іхная аўра, іхная энэргія тут прысутнічае.Таму я лічу, што ўсім нам ня шкодзіць сюды прыяжджаць і дакранацца як да беларускага мастацтва, так і да той нашай гісторыі, якая тут адлюстраваная".

Паводле зьвестак дырэктара музэйнага комплексу Анатоля Белага, чыя калекцыя ёсьць асновай усіх экспазыцыяў, новы будынак дазволіў разьмясьціць у сьценах комплексу 1 200 твораў беларускіх мастакоў-адраджэнцаў. Гэта значна болей, чымся ў Дзяржаўным мастацкім музэі ў Менску.

На імпрэзу не прыйшлі прадстаўнікі мясцовай вэртыкалі, чый супраціў будаўніцтву даводзілася пераадольваць дырэктару музэя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG