Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАМЕСЬНІК МІНІСТРА КУЛЬТУРЫ ЦЬВЯТКОЎ ПАЙШОЎ У АДСТАЎКУ


Юрась Барысевіч, Менск

У Цьвяткова ня склаліся дачыненьні з новым міністрам культуры Гулякам: у прыватнасьці, той не падтрымаў хадайніцтва Мулявіна, Фінбэрга, Янкоўскага й Смольскага ўзнагародзіць Цьвяткова ганаровым званьнем народнага артыста Беларусі. Наступніка ў Цьвяткова ня будзе: ягоную пасаду скароцяць, а некаторыя функцыі перададуць Саюзу кінематаграфістаў.

У вёсцы Рымдзюны Астравецкага раёну адчыніўся Літоўскі цэнтар культуры, адукацыі ды інфармацыі (частка ягоных аб’ектаў месьціцца ў вёсцы Пялясы Воранаўскага раёну). У склад Цэнтру, які будаваўся больш за 10 гадоў, уваходзяць школа, інтэрнат, гатэль і Дом культуры. Тут сама мяркуецца стварыць і музэй Астравецкага краю.

15-й гадавіне Чарнобыльскай катастрофы прысьвечаная выстава “Мой боль вырастае да зораў”, якая пачалася ў Музэі гісторыі беларускае літаратуры. Апроч мастакоў, скульптараў і керамістаў, у выставе ўзялі ўдзел літаратары: тут можна азнаёміцца з рукапісамі твораў пра Чарнобыльскую трагедыю Алеся Адамовіча ды іншых пісьменьнікаў.

Галерэя Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту запрашае на выставу праваслаўных абразоў, створаных сучаснымі беларускімі майстрамі для сталічных і правінцыйных храмаў. Сярод 11 аўтараў — ня толькі мужчыны, якім царква традыцыйна дазваляе пісаць абразы, але таксама дзьве жанчыны й нават дзеці. Апроч абразоў, на выставе прадстаўленыя вышываныя дываны на рэлігійныя тэмы.

У Саюзе кінематаграфістаў прайшла прэм’ера дакумэнтальнага фільма Віктара Асьлюка “Чорнае ды белае”, прысьвечанага пакутам хатніх жывёлаў у зьбяднелае за Лукашэнкам Беларусі. Стужку ўжо запрасілі на шэраг міжнародных кінафэстываляў. Цяпер у плянах Віктара Асьлюка — зьняць фільм “Пан Тадэвуш” на сучасным матэрыяле: распавесьці пра жыцьцё палякаў у Наваградзкім раёне. А пакуль што Польскі інсытут ладзіць у Менску й Магілёве паказы клясычнае вэрсіі “Пана Тадэвуша” ў пастаноўцы Анджэя Вайды.
XS
SM
MD
LG