Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НОВАЯ КНІГА АЛЕСЯ АДАМОВІЧА – ІІІ


Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Вільня

Дзьве папярэднія перадачы гаворка ішла пра новую кнігу Алеся Адамовіча, якая неўзабаве выйдзе ў выдавецтве "Наша Ніва". Кніга апошніх твораў і апошняе шчырасьці пісьменьніка мусіць зьмяніць ягоны звыклы вобраз, які сфармаваўся ў крытыкаў і публікі. Маю на ўвазе найперш нэгатыўныя стэрэатыпы, маўляў, Адамовіч не празаік, а публіцыст, Адамовіч састарэў, Адамовіч не беларускі літаратар. Якраз у апошніх сваіх творах, на маю думку, пісьменьнік разбурае такія меркаваньні пра сябе. У сёньняшняй, завяршальнай перадачы гэтай адамовіцкай сэрыі пра памерлага сем гадоў таму літаратара будуць гаварыць ягоныя калегі, якія ведалі Адамовіча і добра знаёмыя зь ягонай творчасьцю. Месца Алеся Адамовіча ў сучаснай літаратуры. Успамін, развага, ацэнка. Кола гадоў і клопатаў, якімі жыла і жыве Беларусь, адкручваецца назад.

***

"Даўно не друкавалі Алеся Адамовіча", - кажа паэт і перакладчык Карлас Шэрман.

(Карлас Шэрман: ) "Мажліва, пэўная частка публікі пасьпела забыцца на яго творы. Мажліва, новыя пакаленьні беларусаў трохі крыўдуюць на яго за тое, што ён пісаў свае кнігі па-расейску. Гэта, на мой погляд, вонкава. Калі ўчытацца ў ягоныя кнігі, дык можна зразумець усю глыбіню сапраўднай беларускасьці. Я мяркую, што новая кніга Алеся Адамовіча, якая мае выйсьці ў "Нашай Ніве", яна пакажа Адамовіча крыху іншым, пакажа яго па-беларуску. Я лічу, што тое, што Алесь зрабіў для нашай літаратуры, тое, што ў яго была дакладная грамадзянская пазыцыя, усё гэта гаворыць пра тое, што постаць вялізная, моцная і не да канца раскрытая. Мала друкаваная, апошнім часам увогуле яго тут не друкавалі. Я ведаю, што ў Маскве выходзіла кніга ягоная нядаўна зусім. Але кніга, якая мае выйсьці цяпер, гэта сур'ёзна, гэта ўклад калясальны ў культуру Беларусі, у літаратуру беларускую".

(Сяргей Дубавец: ) Разам з Алесем Адамовічам Карлас Шэрман браў удзел у стварэньні Беларускага пэн-цэнтру, які ён ачольвае сёньня. Што лучыла Адамовіча з Рыгорам Барадуліным? На слых дакладным падаецца тут слова "дэмакратызм" - найперш за савецкім часам. Калі большасьць пісьменьнікаў, нават не зашораных ідэалягічна, вельмі хутка, нібы ў футарал, забіраліся ў свой публічны імідж, дык гэтыя, здаецца, былі адкрытыя для любой гаворкі ў любых танах, без табу. Нават наадварот, зь нейкім вечным падлеткавым інтарэсам да забароненых тэмаў.

(Рыгор Барадулін: ) "Наогул месца ў літаратуры вызначае сам час. Час паказвае, што Адамовіча не хапае нашай літаратуры, нашай культуры, нашай грамадзкай думцы. Алесь Адамовіч толькі б за адно за тое, што ён дакрычаўся да камбайнёра пра чарнобыльскую навалу, ужо за адно за гэта ён застанецца... Быў магутны ў крытыцы. Ён адкрыў постаці ў беларускай літаратуры, якія былі замоўчаныя. Ягоны апошні твор - "Vixi" - гэта ж узор таго, як трэба пісаць публіцыстыку і мэмуарыстыку. А то ў нас цяпер "замалёўкі з натуры" даходзяць да таго, што некаторыя пішуць (ня буду называць прозьвішчаў): "Чытаў Біблію. Мудрая кніга"... Колькі разоў перачытваў "Карнікі" - яны напісаныя навырост, пра ўсіх дыктатараў. Я вось дазволю сабе цытату, глядзіце як надзённы гучыць разважаньне фюрэра: "Не для таго прыйшоў Адольф Гітлер, каб гуляць у парлямэнцкую балбатню, а каб вас усіх вышвырнуць. Я вазьмуся за гісторыю па-сапраўднаму. Ня ўдасца вам прастадушна адрачыся ад свайго фюрэра, вымыць рукі, якімі цягнуліся да яго, стараліся крануцца хоць бы адзежы ці крыла машыны. Мы павязаны. Месца фюрэра адно адзінае". Фюрэры яны заўсёды аднолькавыя, хіба можа адрозьніваюцца пінжакамі, фрэнчамі, кіцелямі, шынэлямі... Адамовіч пісаў і па-беларуску і па-расейску, валодаў выдатна беларускай мовай. Наконт расейскай мовы, яна, па-мойму, у яго ўсё-ткі прыблізная, "язык межнациональных сношений". Нават сам факт, што ён нідзе не пісаўся Аляксандар, ён пісаўся Алесь. І ён хацеў пашырыць веды пра Беларусь на так званага ўсесаюзнага чытача. А гэта была вялікая аўдыторыя. Улічыце, што крытыку ён пісаў на беларускай мове, публіцыстыку - на беларускай мове. Валодаў беларускай мовай у дасканаласьці, глыбінна валодаў. Гэта своеасаблівая трагедыя, трошачкі раздвоенасьць. І гэтая раздвоенасьць выклікала папрокі і ў свой час, і цяпер. Але гэта ж не Чынгіз Айтматаў, які па-мойму нічога й не напісаў на роднай мове. Адамовіч усё-ткі заставаўся беларусам. Як мост паміж Беларусяй і Расеяй. Я яго даволі добра ведаў, яму балела Беларусь... Будуць, безумоўна, чытацца ягоныя нататкі, ягоныя развагі, паасобная публіцыстыка. Ня будзе, безумоўна, чытацца дылёгія, ужо цяпер яна не чытаецца. Наогул ён застанецца як фігура культурніцкая. Фігура барацьбіта. Фігура неадназначная, складаная, пакутніцкая. Карацей кажучы, фігура савецкага часу. Ён у быце быў такім студэнтам ці такім эўрапейскім выкладчыкам. Савецкі і постсавецкі літаратар, але з душой беларуса".


(Цалкам тэкст перадачы зьмешчаны ў адпаведным разьдзеле сайту)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG