Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВІЦЕБСКІЯ КУРАПАТЫ?


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Трэці дзень у Віцебску працуюць вайскоўцы з 52-га пошукавага батальёну. Прапаршчык Аляксандар Лебедзеў патлумачыў, што іхная задача — зьбіраць чалавечыя косткі, якія знайшлі ў цэнтры гораду на так званай Усьпенскай горцы падчас пракладкі тэлефоннага дроту да будынку абласнога ўпраўленьня КГБ.

Ёсьць меркаваньне, што органы менавіта гэтае сыстэмы маюць дачыненьне да знойдзенага масавага пахаваньня. На думку археоляга Ігара Цішкіна, які ад імя Інстутуту гісторыі Акадэміі навук вядзе ў Віцебску назіраньні за зямельнымі працамі, знайшлі парэшткі закатаваных вязьняў турмы НКВД.

Спадар Цішкін мяркуе, што гэтым парэшткам каля 60 гадоў. Але наўрад ці яны належаць ахвярам нямецкай акупацыі. Месцы масавых расстрэлаў падчас мінулай вайны знаходзіліся пераважна за горадам, бо акупанты баяліся распаўсюду інфэкцыйных хваробаў.

Не падобныя гэтыя пахаваньні й да старых могілак, бо не знайшлі ніводнага фрагмэнту адзеньня ці труны. Спадар Цішкін згадвае аповед пісьменьніка Юркі Віцьбіча, надрукаваны ў леташнім нумары часопіса "Спадчына". Юрка Віцьбіч, які знаходзіўся ў Віцебску ў часе нямецкай акупацыі, згадвае, што ў ліпені 1941 году перад адступленьнем Чырвонай арміі тут пасьпешліва расстралялі некалькі соцень палітвязьняў.

Вызначыць паходжаньне парэшткаў мусіць адмысловая экспэртыза, але падчас мінулай экспэртызы на Ўсьпенскай горцы ў 1991 годзе экспэрты засьведчылі, што збольшага знайшлі косткі жывёлаў.

Некалькі мяхоў гэтых костак ды сапраўдных чалавечых чарапоў дагэтуль захоўваюцца ў сутарэньні Віцебскага епархіяльнага ўпраўленьня. А колішні цынізм уладаў ды іхных заангажаваных экспэртаў абурае людзей і дагэтуль.

Віцебскі апазыцыянэр Уладзімер Плешчанка выйшаў сёньня на пікет ля Сіняга дому з плякатам "На Ўсьпенскай горцы мяхамі выкопваюць чалавечыя косткі. Гэта ахвяры чырвоных людажэраў".

Вакол плякату адразу сабраліся людзі, а праз гадзіну спадар Плешчанка быў затрыманы міліцыянтамі з Чыгуначнага РАУС. Далейшы ягоны лёс пакуль невядомы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG