Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МАГІЛЁВЕ ЎЛАДЫ НЕ ДАЗВОЛІЛІ ЧАРНОБЫЛЬСКІЯ МЕРАПРЫЕМСТВЫ Ў ЦЭНТРЫ ГОРАДУ


Аляксандар Сердзюкоў, Магілёў

Прадстаўнікі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі "Народная грамада" і Свабоднага прафсаюзу меліся правесьці пікет каля гатэля "Днепр", шэсьце па Цэнтральнай вуліцы гораду і мітынг на Савецкай плошчы.

Але перамовы з гарвыканкамам не прынесьлі станоўчых вынікаў. Начальнік гарадзкога ўпраўленьня інфармацыі Юры Валабуеў нават пашкадаваў, што дэмакраты разам з уладамі ня будуць ускладаць кветкі ля Чарнобыльскага знаку ў мікрараёне Лібуш. Аўтары заявы сказалі, што гэткую прапанову трэба было зрабіць раней.

Вэртыкаль гэтак і не наважылася дазволіць чарнобыльскія мерапрыемствы ў цэнтры гораду. Аднак упершыню за апошні час чынавенства дазволіла ня толькі мітынг, але і шэсьце — што праўда, толькі на 700 мэтраў, ад вуліцы Раманава да Дому культуры штучнага валакна.

Паводле рашэньня ўладаў шэсьце пачынаецца ў 17.30, а мітынг мусіць скончыцца а 19-й. Кіраўнікі мясцовых філіяў палітычных партыяў не выключаюць паўтарэньня леташніх падзеяў — тады ўдзельнікі акцыі рушылі ў бок рэзэрвацыі для магілёўскіх дэмакратаў з галоўнай плошчы гораду, плошчы Арджанікідзэ.

Пра гатовасьць удзельнічаць у акцыі, што прысьвечаная 15-й гадавіне Чарнобыльскай трагедыі, ужо заявілі сацыял-дэмакраты, фронтаўцы ды члены Свабоднага прафсаюзу. Магілёўская абласная арганізацыя Аб'яднанай грамадзянскай партыі не зьбіраецца ўдзельнічаць у мітынгу, аргумэнтуючы гэта падрыхтоўкай да прэзыдэнццкіх выбараў.
XS
SM
MD
LG