Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛУКАШЭНКА ЗАКЛІКАЎ ЎЛАДАЛЬНІКАЎ ІНШАМАРАК ДАПАМАГЧЫ СЯЎБЕ


Ігар Карней, Менск

Большасьць так званых "багатых людзей", прыкметай якіх, паводле Лукашэнкі, зьяўляецца стары імпартовы аўтамабіль, не зусім разумеюць: чаму дзеля таго, каб у пэрспэктыве спажываць мяса ды каўбасу, яны павінны ахвяраваць на сяўбу?

А менавіта гэтага запатрабаваў Аляксандар Лукашэнка ва ўчорашнім звароце да Івана Бамбізы, які паскардзіўся на адсутнасьць патрэбных запасаў паліва: "Ахвяраваньні з боку тых, хто сёньня ходзіць, поўзае, езьдзіць на іншамарках па краіне…"

А калі хтосьці будзе супраціўляцца — будуць, маўляў, запісваць нумары гэтых самых іншамарак і выклікаць на размову. Лукашэнка запатрабаваў, каб штодня была інфармацыя, хто з багатых і які ўдзел прыняў у падтрымцы сельскай гаспадаркі.

Паводле зьвестак рэспубліканскай ДАІ, колькасьць іншамарак у Беларусі пераваліла за мільён. Калі нават адкінуць, так бы мовіць, яўны мэталалом, армія памочнікаў складзе ня меней за паўмільёна.

Што пацягне за сабой чарговы экспромт Лукашэнкі? Большасьць бізнэсоўцаў, якіх я прасіў пракамэнтаваць гэтую заяву, катэгарычна адмаўляліся адказваць на такое пытаньне — пагрозаў па-ранейшаму баяцца.

Некаторыя мяркуюць, што лепей два-тры разы заплаціць, чым наогул згубіць справу. Многія гатовыя дапамагчы, але мінімальна. Як кіраўнік фірмы "Байк" Іван Радзевіч, які мае "Опэль-Амэгу".

(Радзевіч: ) "У мяне ўвогуле саляры для сяўбы няма, бо я ежджу на бэнзыне. Але "адшпіліць" роднай дзяржаве — гэта сьвятое. Літраў 10-20".

Але некаторыя не хавалі свайго абурэньня. Вось меркаваньне дырэктара фірмы, якая займаецца грузаперавозкамі, Яўгена Шмялёва зь Віцебшчыны. Ён мае парк вялікагрузных імпартовых аўтамабіляў.

(Шмялёў: ) "Усё гэта ён кажа для каго? — для нашага народу, які на машынах ня езьдзіць, ходзіць у гумавых ботах і п’е самагонку. Ім гэта падабаецца, і ён кажа тое, што ім патрэбна пачуць. Інакш для каго ён гэта шоў ладзіць? Каб паказаць, як ён клапоціцца пра сельскую гаспадарку, як ён лупцуе гэтых багацеяў, якія езьдзяць на іншамарках".

А вось яшчэ адно меркаваньне, гэтым разам заснавальніка фірмы, якая займаецца паслугамі па міграцыі. Машыны ня мае, але кажа, што "скінуцца" могуць папрасіць на што заўгодна.

(Ананім: ) "Гэта ўсё ідзе ад непавагі да ўласнасьці й чалавечай асобы. Да каго чарга дойдзе? Хто мае імпартовыя лямпачкі? Потым пачнуць шукаць замежную вопратку ці абутак і пачнуць разьмяркоўваць паміж тымі, каму яна патрэбная. Што гэта наогул за пытаньне? Чалавек зарабіў, купіў. Калі нешта не падабаецца — дакажыце, што гэта зроблена несумленным шляхам".

Тым часам Іван Бамбіза (пакуль яшчэ ад свайго імя) зьвярнуўся да беларускіх банкаў пералічыць 18 мільёнаў даляраў на закуп неабходнага для сяўбы паліва.

Пакуль невядома, ці тычыцца пагроза і Лукашэнкавага атачэньня, якое (разам з кіраўніком краіны) езьдзіць на новых аўтамабілях замежнай вытворчасьці.
XS
SM
MD
LG