Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАЎДА ПРА КУРАПАТЫ НЕ ДАЕ СПАКОЮ СЁНЬНЯШНІМ ПРАПАГАНДЫСТАМ


Віталь Цыганкоў, Менск

Аўтары фільму спрабуюць даказаць, што масавыя расстрэлы ў Курапатах ажыцьцяўлялі нямецкія фашысты ды іхныя памагатыя — яны, як і раней, паказаныя пад бел-чырвона-белым сьцягам.

Усе ўдзельнікі гэтай прапагандысцкай стужкі ананімныя — пра Курапаты разважаюць людзі, якіх аўтары фільму не прадставілі — глядач ня ведае ні іхных прозьвішчаў, ні месца працы. Зрэшты, аднаго зь іх удалося ідэнтыфікаваць. Гэта нехта Корзун — кіраўнік “грамадзкай камісіі”, якая вось ужо 10 гадоў спрабуе абвергнуць той факт, што ў Курапатах пахаваныя рэшткі ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў.

За гэты час пракуратура на патрабаваньне гэнай камісіі чатыры разы распачынала новае сьледзтва. І шторазу вынікі пацьвярджалі відавочнае — у Курапатах знаходзяцца парэшткі савецкіх грамадзянаў, расстраляных органамі НКВД.

Трэба сказаць, што першыя тры сьледзтвы праводзіла рэспубліканская пракуратура, а апошняе ў 1998 годзе вяла ваенная пракуратура, бо прадстаўнікі гэтак званай “грамадзкай камісіі” перасталі давяраць рэспубліканскай пракуратуры.

Аднак факты, відавочна, ня маюць аніякага значэньня для аўтараў фільму, якія ставяць выключна палітычна-прапагандысцкія мэты. Высновы аўтараў фільму камэнтуе Алег Іоў, кіраўнік групы археолягаў, якія ўдзельнічалі ў курапацкім сьледзтве як спэцыялісты:

(Іоў: ) "Фільм зроблены так, каб людзі бачылі здымкі часоў вайны — расстрэлы, паліцаі — і каб гэта асацыявалася з Курапатамі.

А доказаў там ніякіх няма. Вось яны паказвалі абутак, золата. Дык што — у савецкіх грамадзянаў гэтага не было? Ці ў грамадзянаў, якія былі ў 1939 годзе далучаныя да Савецкага Саюзу? Ды немцы, каб вы ведалі, забіралі ўсё золата…

Таксама дзяцей там няма. Бо калі немцы габрэяў расстрэльвалі — дык расстрэльвалі ўсіх. Каля тысячы чалавек там ужо знойдзена — і ніводнага дзіцёнка няма… І немцы ня так расстрэльвалі. Даўгія ірвы капалі — і аўтаматна-кулямётным агнём. А тут кожнаму ў патыліцу.

Альбо тое, што яны ў фільме паказваюць савецкія вінтоўкі. Дык вінтовачных патронаў я ня памятаю там. Там наган, 94% знаходак — гільзы наганавыя. Гэта штатная зброя НКВД, а не паліцаяў".

Зрэшты, не выпадае спадзявацца, што тыя, каму недаспадобы праўда пра Курапаты, змоўкнуць. Зараз для іхнай “выкрывальніцкай” дзейнасьці найспрыяльная палітычная сытуацыя.

Курапаты — своеасаблівы сымбаль, які пры канцы 1980-х стаў сьцягам для ўсіх незалежніцкіх і адраджэнскіх сілаў Беларусі. Зьняславіць, спустошыць гэты сымбаль карціць тым, каму не дае спакою гістарычная праўда, хто паставіў задачу сьцерці яе з народнай памяці.
XS
SM
MD
LG