Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЛАДЫ НЕ ДАЗВОЛІЛІ ПРАВЕСЬЦІ ЧАРНОБЫЛЬСКІ ШЛЯХ У ЦЭНТРЫ МЕНСКУ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Сёньня ў гарвыканкам былі запрошаныя старшыня аргкамітэту Чарнобыльскага шляху прафэсар Іван Нікітчанка й актывістка Аб'яднанай грамадзянскай партыі Людміла Бажок. Іхная сустрэча з намесьнікам старшыні гарвыканкаму Міхаілам Пятрушыным была нядоўгай. Спадар Пятрушын абвесьціў апазыцыянэрам, што сталічныя ўлады ня могуць дазволіць збор удзельнікаў Чарнобыльскага шляху на пляцы Свабоды і шэсьце да пляцу Незалежнасьці.

Спадар Пятрушын прапанаваў арганізатарам Чарнобыльскага шляху правесьці збор удзельнікаў акцыі на пляцоўцы каля Акадэміі навук і рухацца адтуль да памятнага знаку ахвярам Чарнобыля на пляцы Бангалёр ды правесьці там мітынг.

Іван Нікітчанка й Людміла Бажок з гэтай прапановай не пагадзіліся, і размова на гэтым скончылася. Гаворыць старшыня аргкамітэту Чарнобыльскага шляху Іван Нікітчанка:

(Нікітчанка: ) "Думаю, што ня трэба нам пагаджацца з гэтай прапановай. Таму што нашае мерапрыемства пачнецца з набажэнства. Да Бога зьвяртацца ніхто нам не забароніць".

(Карэспандэнт: ) "Чаму, на вашую думку, улады прынялі менавіта такое рашэньне?"

(Нікітчанка: ) "Баяцца. У нас у Беларусі жыве 114 000 былых ліквідатараў. Гэта людзі, якія жылі ў забруджанай зоне, капалі там зямлю — яны ўсе хворыя. Іх пазбавілі ўсялякай дапамогі, сацыяльнай абароны ў іх ніякай няма. Гэтыя людзі могуць прыйсьці".

Усе сябры аргкамітэту (больш за 100 чалавек), што падпісалі зварот да ўладаў з просьбай дазволіць правядзеньне шляху ў цэнтры Менску, афіцыйна адмовіліся ад статусу арганізатараў.

Аргкамітэт Чарнобыльскага шляху сёньня заявіў, што, нягледзячы на забарону ўладаў, акцыя 26 красавіка пачнецца а 17-й гадзіне набажэнствам на пляцы Свабоды.
XS
SM
MD
LG