Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НОВЫ ВІТОК КАНФЛІКТУ НА БЛІЗКІМ УСХОДЗЕ


Мікола Іваноў, Прага

Але ўспамін пра трагедыю галакосту толькі на хвіліну адцягнуў ізраільцянаў ад сумных думак пра крах мірнага працэсу з палестынцамі.

Учора пасьля начнога абстрэлу ізраільскай тэрыторыі зь мінамётаў з сэктару Газа ізраільская армія на некалькі гадзінаў увайшла на тэрыторыю палестынскай аўтаноміі, якая, паводле мірнага пагадненьня у Осла, знаходзіцца пад поўнай палестынскай юрысдыкцыяй. Бульдозэры пад прыкрыцьцем танкавага агню зьнішчылі пост палестынскай паліцыі, зруйнавалі некалькі цывільных дамоў і выкарчавалі апэльсынавую плянтацыю, зь якой, магчыма, вёўся мінамётны абстрэл Ізраілю. Здавалася б, армія на загад прэм’ер-міністра Арыэля Шарона зрабіла ўсё, каб не дазволіць далейшы абстрэл ізраільскіх паселішчаў. Але як толькі ізраільскія танкі вярнуліся на зыходныя пазыцыі, мінамётны абсрэл Ізраіля аднавіўся з новай сілай.

Няўжо дзеяньні ізраільскай арміі супраць палестынцаў нагэтулькі неэфэктыўныя? Апошнія падзеі ў Газе я папрасіў пракамэнтаваць ізраільскага журналіста Сяргея Кантаровіча:

(Кантаровіч: ) “Ізраільская армія была вымушаная увайсьці на палестынскую тэрыторыю, каб прыпыніць абстрэлы населеных пунктаў Ізраілю. Гэта была адзіная магчымасьць спыніць дзеяньні тэрарыстаў. Аднак, як толькі войскі былі выведзеныя, абстрэл аднавіўся. Сёньня ўначы абстралялі паселішча Сдэрот”.

Што датычыць вострай рэакцыі Вашынгтону на дзеяньні ізраільскай арміі, дык сапраўды Дзяржаўны сакратар ЗША Колін Паўэл адразу пасьля таго, як стала вядома пра акцыю ізраільскай арміі, пазваніў міністру замежных справаў Шымону Перасу і заклікаў Ізраіль да стрыманасьці. Крыху пазьней прэм’ер-міністру Арыэлю Шарону пазваніў і сам прэзыдэнт Джордж Буш. У афіцыйнай заяве дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША гаворыцца, што ў выніку размовы “было дасягнутае паразуменьне пра неабходнасць стрыманасьці як з палестынскага, так і з ізраільскага боку”.

Паводле мірных пагадненьняў з Осла, палестынская паліцыя ў Газе можа налічваць у сваім складзе 7000 паліцыянтаў, узброеных стралковай зброяй і 120-ю кулямётамі. Якім жа чынам у Газе знайшліся мінамёты? Экспэрты ў справах бясьпекі лічаць, што мінамётныя трубы былі прадукаваныя на месцы ў адной з фабрыкаў, якія спэцыялізуюцца на абслугоўваньні тэкстыльнай прамысловасьці. Самі ж 82-мілімэтровыя міны былі дастаўленыя ў Газу на рыбацкіх чоўнах з Егіпту і трапілі ў рукі баевікоў мусульманскай фундамэнталісцкай групоўкі Хамас, якія цяпер і вядуць абстрэл Ізраілю. Усяго за некалькі дзён абстрэлаў у бок Ізраілю было выпушчана каля 30 мінаў. Амаль ніводная зт іх не прынесла значных матэрыяльных шкодаў. Не было таксама ахвяраў сярод людзей. Вось чаму ўсясьветная супольнасьць, у тым ліку і кіраўніцтва ЗША, лічаць, што рэакцыя Ізраілю на іх празьмерная.
XS
SM
MD
LG