Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КРЫТЫЧНЫЯ ВЫКАЗВАНЬНІ А.ЛУКАШЭНКІ ПРА РАСЕЙСКУЮ ПАЛІТЫЧНУЮ СЫСТЭМУ ВЫКЛІКАЛІ РЭЗКУЮ РЭАКЦЫЮ РАСЕЙСКІХ УЛАДАЎ


Віталь Портнікаў, Масква

Апошнім папярэджаньнем Лукашэнку назваў вядучы праграмы “Однако” на ОРТ Максім Сакалоў выказваньні ананімнай крамлёўскай крыніцы наконт нечаканых нападак беларускага прэзыдэнта на расейскую сыстэму ўлады. Лукашэнку варта прыслухацца да гэтай заўвагі маскоўскага камэнтатара. “Однако” – праграма, якую уважліва глядзяць у Крамлі. Яе вядучыя, як правіла, вельмі добра ведаюць, аб чым думае вышэйшае расейскае кіраўніцтва – нават ў тым выпадку, калі крамлёўскія чыноўнікі абмяжоўваюцца абцякальнымі дыпляматычнымі фармулёўкамі.

У часы Барыса Ельцына Лукашэнка вельмі актыўна разьяжджаў па расейскіх рэгіёнах, спрабуючы прадэманстраваць хаця б самому сабе сваю папулярнасьць сярод мясцовай эліты. Гэтая актыўнасьць крыху зьменшылася, а дакладней, была зьменшаная Крамлём пасьля памятнага скандалу з арыштам у Беларусі тэлевізійнай групы таго ж канулу ОРТ. Пры Пуціне гэтыя ваяжы наагул спыніліся. Зараз беларускага сябру выпусьцілі зноў. Было спадзяваньне, што ён ацэніць гэтую невялікую ласку, што паездкі па расейскіх рэгіёнах дапамогуць яму ў перадвыбарчай кампаніі. Але Лукашэнка ізноў павёў сябе неадэкватна. І ў праграме “Однако” яму недвухсэнсоўна сказалі: ня варта.

Лукашэнка вельмі удала выкарыстоўваў кантраст з Ельцыным, які страчваў актыўнасьць. Але беларускі кіраўнік ніяк ня можа ўцяміць, што зараз ня ельцынскі час. Расейскія мэдыі сьцьвярджаюць, што сёньня ўжо не Лукашэнка папулярны ў Расеі, а Пуцін – у Беларусі. Шэраг назіральнікаў упэўненыя, што гэтую сваю папулярнасьць расейскі прэзыдэнт мусіць выкарыстаць для таго, каб пазбавіцца ад непрадказальнага саюзьніка і пасадзейнічаць перамозе на выбарах палітыка, які быў бы больш зручным для супрацоўніцтва з Масквой і лепш разумеў бы свой уплыў і ролю.

У гэтай сытуацыі Аляксандар Лукашэнка мусіў бы рабіць усё магчымае, каб не ствараць ніякіх падставаў для канфрантацыі. Самае цікавае, што сам ён, хутчэй за ўсё, ня лічыць свае екацерынбурскія шчыраваньні такой падставаю. Ён чуў, што Пуцін імкнецца ўзмацніць фэдэральную ўладу і абмежаваць паўнамоцтвы рагіянальных кіраўнікоў – вось і вырашыў зрабіць Пуціну прыемнае. Але не ўлічыў таго, што расейскі прэзыдэнт надта ня любіць, калі яму даюць парады ці крытыкуюць кіраваную ім сыстэму ўлады.

Максіма Сакалова, вядучага “Однако”, абурыла тое, што Лукашэнка – ня джэнтэльмэн. Магчыма, гэта расейская праблема – тое, што джэнтэльмэны Расеі не саюзнікі. Беларуская праблема палягае хутчэй за ўсё ў тым, што Аляксандар Лукашэнка, ня здольны пралічваць наступствы сваіх выказваньняў і дзеяньняў, – дрэнны палітык.
XS
SM
MD
LG