Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЯМ'Я ЧЫГІРОЎ ПАЧАЛА СУДЗІЦЦА ЗЬ ДЗЯРЖАЎНЫМ ТЭЛЕБАЧАНЬНЕМ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Сёньня ў Першамайскім судзе Менску пачаўся разгляд пазову сям'і Чыгіроў да тэлебачаньня і пэрсанальна да журналістаў Косьціна, Новікава ды Пракопава, якія агучвалі ў тэлесюжэтах інфармацыю, якую Чыгіры лічаць хлусьнёй. Гэныя зьвесткі грунтаваліся на абвінавачаньнях праваахоўчых органаў да сыноў Чыгіра і асабіста да яго, але, як цяпер высьвятляецца, ніякіх доказаў БТ ня мела — пра гэта сказаў Міхаіл Чыгір за пяць хвілінаў да пачатку працэсу.

(Чыгір :) "Ніякіх доказаў па большасьці эпізодаў у БТ увогуле ня можа быць. Напрыклад, мой старэйшы сын ніколі не займаўся аўтамабільным бізнэсам. Мой малодшы сын ня мог мець дачыненьня да крадзяжу майго службовага аўтамабіля.

Яны нават сказалі, што той аўтамабіль быў скрадзены з-пад вокнаў маёй кватэры, што не адпавядае рэчаіснасьці. Таму я не ўяўляю, як яны будуць гэта даказваць і як будзе праходзіць судовае паседжаньне".

Журналіст Зьміцер Косьцін і ягоныя калегі ў суд не зьявіліся, таму працэс пачалі бязь іх, хаця Чыгіры былі супраць. Судзьдзю задаволіла тое, што на працэс прыйшлі прадстаўнікі дзяржтэлекампаніі — юрысконсульты БТ спадары Апанасенка й Іваноў. Яны паведамілі, што ня маюць на руках ніякіх доказаў зьвестак, якія прагучалі па БТ адносна Чыгіроў, бо не прыйшлі адказы з ДАІ, пракуратуры ды іншых ўстановаў. Патлумачыць, чаму тэлебачаньне не паклапацілася пра збор доказаў раней, юрысконсульты адмовіліся.

Гэтая інфармацыя прадстаўнікоў БТ была спакойна ўспрынятая судзьдзём Аніскевічам. У кожным разе, ён ня выявіў аніякіх эмоцыяў і бяз роздуму абвесьціў, што разгляд справы прыпыняецца і ўзновіцца толькі 6 жніўня.

Міхаіл Чыгір назваў гэтае рашэньне палітычна матываваным і сказаў, што цяпер ня верыць бесстароннасьці судзьдзі Анатоля Аніскевіча. Словы судзьдзі пра тое, што ён у ліпені зьбіраецца ў адпачынак, Міхаіл Чыгір ня лічыць сур'ёзнымі:

(Чыгір: ) "У ліпені ён ідзе ў адпачынак. Але ж гэта не ў дэкрэтны ён ідзе адпачынак, час жа яшчэ ёсьць — і колькі часу да жніўня. Аб чым тут казаць".

Дарэчы, далучыцца да Міхаіла Чыгіра ў судовым змаганьні з БТ зьбіраецца вядомы палітык і праваабаронца Валеры Шчукін. Ён зьвярнуўся ў пракуратуру з просьбай пачаць крымінальную справу на аўтара праграмы БТ "Правы чалавека: погляд у сьвет" Яўгена Новікава.
XS
SM
MD
LG