Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЫСКУСІЯ Ў ПАРЛЯМЭНЦЕ БЭЛЬГІІ АБ АДНОСІНАХ З БЕЛАРУСЬСЮ


Падрыхтаваў Віталь Тарас, Прага

Мы атрымалі стэнаграму ўчорашняй дыскусіі, якая распачалася пытаньнем аднаго з дэпутатаў – Пітэра дэ Крэма да міністра замежных справаў Бэльгіі Луі Мішэля. Прапануем тэкст стэнаграмы ў перакладзе з францускай мовы.

Дэпутат Пітэр дэ Крэм:

“Якая пазыцыя Бэльгіі ў сувязі з палітычнай сытуацыяй ў Беларусі? Якія захады Бэльгія ўжо зрабіла ў гэтым пытаньні? І якія захады Бэльгія мае на мэце прыняць ў часе свайго старшынёўства ў Эўрапейскім Зьвязе? Беларусь ужо дастакова ізаляваная ў міжнародным пляне. Верагодна, зараз ня варта спальваць апошнія масты, каб пазьбегнуць поўнай ізаляцыі гэтай краіны”.

Міністар замежных справаў Бэльгіі Луі Мішэль:

“Пасьля зьменаў у канстытуцыі ў 1996-м годзе Злучаныя Штаты Амэрыкі ды эўрапейскія краіны дыстанцыяваліся ад прэзыдэнта Лукашэнкі. Шэраг эўрапейскіх краінаў прыпыніў кантакты на ўзроўні міністэрстваў з 15 верасьня 1997-га году. Яны ня могуць быць адноўленыя ў абыход кіраўніцтва эўрапейскай “тройкі”.

Апошнія выбары ў Беларусі былі скрытыкаваныя Эўрапейскім Зьвязам, які заклікаў паважаць правы чалавека, спыніць дзяржаўныя рэпрэсіі, даць доступ апазыцыі да дзяржаўных мэдыяў, забясьпечыць дэмакратычнасьць выбараў і надаць рэальную ўладу парлямэнту.

Нядаўна я выказаўся ў падтрымку некаторых захадаў Эўрапейскага Зьвязу. Адзін зь іх мае дачыненьне да зьнікненьня апазыцыянэраў у Беларусі. Прадстаўнікі Зьвязу, у тым ліку супрацоўнік нашага міністэрства замежных справаў, выказалі ў Менску заклапочанасьць ў сувязі са станам правоў чалавека і дэмакратыі.

Другая ініцыятыва тычыцца прэзыдэнцкіх выбараў у верасьні 2001 году. Эўрапейскі Зьвяз па-ранейшаму занепакоены неаб’ектыўнасьцю дзяржаўнае прэсы і затрыманьнямі сяброў беларускай апазыцыі.

Калі працэс дэмакратызацыі адновіцца, Бельгія і Эўрапейскі Зьвяз ахвотна перагледзяць сваю палітыку. Я спадзяюся, што выбары будуць свабодныя і заканадаўства палепшыцца. Пакуль застаецца чакаць драбнейшых прыкметаў прагрэсу. Няма сэнсу парываць усе сувязі зь Беларусьсю, паколькі яе падтрымлівае Расея. Эўрапейскі Зьвяз будзе па-ранейшаму ціснуць на расейскія ўлады, каб абараніць дэмакратыю ў Беларусі”.

Дэпутат Пітэр дэ Крэм:

“Я выступаю за скарачэньне сувязяў зь Беларусьсю, паколькі яна ня мае ні багатых прыродных рэсурсаў, ні стратэгічнага становішча. У інтарэсах стабільнасьці трэба па-новаму паглядзець на дачыненьні паміж Эўрапейскім Зьвязам й Расеяй”.

Дэпутат Жан-Поль Анры:

“Пытаньне спадара Дэ Крэма слушнае і вартае ўвагі. Многія нашы суайчыньнікі думаюць, быццам Беларусь ёсьць часткай Расеі. Было б варта абмеркаваць стратэгію: як нам быць з краінамі такога кшталту?

Воляю лёсу мы кантактуем з насельніцтвам Беларусі, напрыклад, прымаючы дзяцей з Чарнобыльскай зоны альбо праз спартоўцаў гэтай краіны. Зь іншага боку, трэба нагадаць, што мы маем дачыненьне з апошняй краінай на мяжы НАТО і Расеі і што ператварыць рэжым у такой краіне ня так лёгка.

Я выступаю супраць якой бы там ні было ізаляцыі Беларусі. Трэба праводзіць палітыку адкрытасьці і абараняць дэмакратычныя каштоўнасьці”.

Міністар замежных справаў Бэльгіі Луі Мішэль:

“Трэба ўлічваць нашыя абавязальніцтвы на эўрапейскім узроўні і выключыць палітыку ізаляцыі”.
XS
SM
MD
LG