Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗА РАСПАЎСЮД СПЭЦВЫПУСКУ "НАШАЙ СВАБОДЫ" ЗАТРЫМАЛІ КАЛЯ 10 АКТЫВІСТАЎ "ЗУБРА"


Альгерд Невяроўскі, Менск

Учора сябры апазыцыйнага моладзевага руху "Зубар" у найбольш людных месцах Менску раздалі некалькі дзясяткаў тысячаў асобнікаў "Нашай свабоды", у якой апублікавалі вытрымкі зь вядомага заключэньня псыхіятра Зьмітра Шчыгельскага ды іншыя матэрыялы пра стан здароўя Аляксандра Лукашэнкі.

Акцыя была прымеркаваная да Дзён псыхічнага здароўя, якія цяпер праходзяць у Беларусі з ініцыятывы ААН. За мерапрыемствам "зубраўцаў" назіралі міліцыянты, якія затым затрымалі Алеся Атрошчанкава, Валера Мацукевіча, Ігара Сольда, Алеся Апраніча, Зьмітра Драпачку, Яраслава Сьцешыка, Марыю Краснабаеву ды іншых.

Затрыманых дастаўлялі ў пастарункі Цэнтральнага раёну. Аднак прыкладна праз паўгадзіны ўсе яны былі вызваленыя, бо ў міліцыянтаў не было ніякіх праўных падставаў складаць на іх пратаколы. Праўда, міліцыянты ўзялі ў маладых апазыцыянэраў "пачытаць" некалькі дзясяткаў асобнікаў газэты.

Усяго ж цягам апошніх трох дзён за раздачу "Нашай свабоды" ў сталіцы затрымалі каля 30 чалавек. Акцыя "Зубра" праходзіла ня толькі ў Менску, але і ў абласных цэнтрах ды буйных гарадах краіны, дзе таксама адбываліся затрыманьні. Нягледзячы на перашкоды, апазыцыянэры зьбіраюцца й надалей раздаваць людзям спэцвыпуск газэты. Гаворыць актывіст "Зубра" Ўладзімер:

(Уладзімер: ) "Сёлета мы павінны зьмяніць сытуацыю ў нашай краіне, і ніякія затрыманьні нам не перашкодзяць гэта зрабіць".

Акцыя працягнецца да 21 красавіка і скончыцца мерапрыемствам пад назвай "Канчатковы дыягназ" у менскім парку імя Горкага.
XS
SM
MD
LG