Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У КРЫЧАВЕ СУД АДХІЛІЎ АПЭЛЯЦЫЮ АКТЫВІСТА БНФ У СПРАВЕ НАКЛАДЗЕНАГА НА ЯГО ШТРАФУ


Аляксандар Сердзюкоў, Магілёў

Адміністрацыйная камісія Крычаўскага раёну аштрафавала спадара Белазерцава на 3 мінімалкі за распаўсюд друкаваных выданьняў без выходных зьвестак на Дзень Волі.

На судзе Анатоль Белазерцаў заявіў, што не прызнае абвінавачаньняў, бо міліцыянты не вылучылі ніводнага пераканаўчага доказу. Таму спадар Белазерцаў і не падпісаў пратаколу адміністрацыйнай камісіі, якая аштрафавала яго за нібыта распаўсюд улётак на Дзень Волі "Пастаім за цябе, Беларусь".

Як адзначыў грамадзкі абаронца Яўген Чыпурышкін, партыйнага лідэра не затрымалі ў часе распаўсюду ўлётак, і той ня мае ніякага дачыненьня да іхнага друкаваньня. Усе прэтэнзіі да спадара Белазерцава грунтаваліся на сьведчаньнях сябра Фронту Валер'я Парфімовіча, якога затрымалі ў вёсцы Гонча Крычаўскага раёну з улёткамі ў руках.

Менавіта тады на пытаньне міліцыянтаў Валер Парфімовіч адказаў, што ўлёткі атрымаў ад кіраўніка Крычаўскай філіі Беларускага Народнага Фронту. На судзе ж спадар Парфімовіч патлумачыў, што ўлёткі знайшоў ва ўласнай паштовай скрыні, а супраць спадара Белазерцава сьведчыў у міліцэйскім участку пад ціскам і пагрозамі супрацоўніка раённага аддзелу ўнутраных справаў Леаніда Баргулёва.

Але судзьдзя ўлічыла ранейшыя паказаньні сьведак і пакінула рашэньне камісіі ў сіле.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG