Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧСЭСКІ СЭНАТАР ЖАНТОЎСКІ: ЧЭХІЯ ВЫВОЗІЦЬ ЯЛАВІЧЫНУ Ў БЕЛАРУСЬ


Алена Ціхановіч, Прага

Сёньня чэская газэта Lidove nоviny паспрабавала высьвятліць, ці мае такая заява падставы.

Паводле заявы старшыні замежнага камітэту Чэскага сэнату Міхала Жантоўскага, Чэхія па ўсёй верагоднасьці вывозіць ялавічыну ў Беларусь. “Лічу гэта ускосным спосабам датацыі недэмакратычнага рэжыму Аляксандра Лукашэнкі,” – заявіў учора сэнатар. Больш таго, Жантоўскі зьвярнуўся да міністра сельскай гаспадаркі Яна Фенцла з просьбай, каб той “перастаў сябе паводзіць як усемагутны старшыня калгасу і паведаміў грамадзскасьці, у якія краіны накіроўваецца прадукцыя, якая датаваная з нашага агульнага бюджэту”(маецца на ўвазе чэскі бюджэт і датацыі зь яго айчынным вытворцам мяса).

Экспартаваць мяса, піша далей газэта Lidove Noniny, чэская дзяржава пачала з-за дрэннай яго рэалізацыі на айчынным рынку, што тлумачыцца панікай, выкліканай каровіным шаленствам і яшчурам.
Ад пачатку году Чэская Рэспубліка вывезла ўжо пяць тысяч тон ялавічыны. “Спадар міністр (Фенцл) ня мусіў бы прыўлашчваць права паводле свайго меркаваньня распараджацца дзяржаўнымі грашыма. На экспарт жа ўжо пайшло 170 мільёнаў крон”, – сьцьвярджае Жантоўскі.

Міністэрства сельскай гаспадаркі між тым адмаўляецца даць інфармацыю пра тое, у якія краіны экспартуецца чэская ялавічына. Але тое, што гэта можа быць Беларусь, тут адмаўляюць. “У краінах Эўрапейскага Зьвязу яшчэ большы лішак ялавічыны, чым у нас, – гаворыць прэсавы сакратар міністра сельскай гаспадаркі Павел Коварж. – Калі б мы “раскрылі” нашыя экспартныя тэрыторыі, то яны ім прапануюць выгаднейшыя цэны і пачнуць туды вывозіць самі”.

Міністар сельскай гаспадаркі Ян Фенцл таксама адмовіўся удакладніць Чэскаму телебачаньню, куды мяса накіроўваецца. Толькі намякнуў: “Ішло яно далёка па вадзе, ды блізка па чыгунцы”.

На просьбу Lidovych Novin пракамэнтаваць заяву сэнатара Жантоўскага той жа прэсавы сакратар Павел Коварж сказаў, што Чэхія не прадае датаваную ялавічыну Беларусі: “Ня маю ніякай інфармацыі пра вываз якіх-небудзь прадуктаў ад нас у Беларусь, – сказаў прэсавы сакратар. Прэсавы сакратар міністэрства, тым ня менш, пацьвердзіў гатовасьць чэскіх аграрнікаў весьці бізнэс зь беларускім бокам.

“І калі б нават мы вывозілі мяса ў Беларусь, то не падтрымлівалі б гэтым рэжым, а толькі людзей, якія будуць нашае мяса есьці, – дадаў Коварж, папракнуўшы сэнатара Жантоўскага за тое, што яго ўвага да Беларусі пахне перадузятасьцю.

Міхал Жантоўскі між тым крытыкуе стасункі міністэрства сельскай гаспадаркі з Беларусьсю ўжо другі раз. У сьнежні 1999 году Чэская Рэспубліка дазволіла дзяржаўнаму фонду рынкавага рэгуляваньня вывезьці ў Беларусь 140 тон “лішняй” пшаніцы.

Выкладзеныя зьвесткі мы папрасілі пракамэнтаваць у Міністэрстве сельскай гаспадаркі Беларусі. Тут ніхто з нашых суразмоўцаў не пацьвердзіў, што Беларусь купляе ялавічыну ў Чэхіі. Паводле словаў прадстаўніка Дзяржаўнай ветэрынарнай інспекцыі, “ялавічыны ў нас сваёй хапае, мы яе экспартуем у Расею. А вось сьвініну, сала Беларусь закупляе”. Сама магчымасьць паставак чэскай ялавічыны ў беларускіх вэтэрынараў не выклікае перасьцярогі, паколькі Чэхія не ўваходзіць у сьпіс так званых “рызыкоўных “ імпартэраў мяса.
XS
SM
MD
LG