Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗАДЗІНОЧАНЬНЕ БЕЛАРУСКІХ СТУДЭНТАЎ ПРАВЯЛО АКЦЫЮ “ПАДЫМІ І ТЫ СВАЮ СТЫПЭНДЫЮ”


Ганна Соусь, Менск

Задзіночаньне Беларускіх Студэнтаў абвесьціла, што здолее дапамагчы студэнтам падняць стыпэндыю. Для гэтага трэба было проста падняць вагу на 16 кіляграмаў — прыкладна 16 000 беларускіх рублёў цяпер складае студэнцкая стыпэндыя. Мэту гэтай "спартова-эканамічнай" акцыі тлумачыць сябар ЗБС Юры Сідун:

(Сідун: ) "Мы прынесьлі сюды вагу з надпісам "стыпэндыя", каб яе падымалі студэнты ды ўзгадвалі, што стыпэндыю можна падняць толькі фізычнымі намаганьнямі. Яны могуць фізычна прымусіць сябе ды сваіх сяброў прыйсьці на выбары і абраць новага прэзыдэнта, абраць новую ўладу, каб не было сытуацыі, якую маем сёньня".

Мой суразмоўца — Зьміцер, ён студэнт Політэхнічнай акадэміі, прыйшоў паўдзельнічаць у імпрэзе, бо незадаволены сваёй стыпэндыяй.

(Зьміцер: ) "Мінімальны заробак паднялі на 60%, а стыпэндыя засталася фіксаваная. Цэны падвышаюцца, а стыпэндыя застаецца тая самая".

Наступным "падымаў сваю стыпэндыю" Алесь, студэнт гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту.

(Алесь: ) "Я маю падвышаную стыпэндыю. У мінулым месяцы яна склала крыху болей за 15 000 рублёў".

(Карэспандэнтка: ) "Ці дастаткова гэтага?"

(Алесь: ) "А вы як мяркуеце? Зразумела, недастаткова".

(Карэспандэнтка: ) "Звычайна на што стыпэндыя ідзе?"

(Алесь: ) "На тое, каб вярнуць пазыкі, купіць некалькі кніг. Рэшта ідзе на розныя дробязі".

Прыкладна праз паўгадзіны пасьля пачатку імпрэзы зьявіліся асобы ў цывільным — каля 10 чалавек. Дарэчы, яны былі тут яшчэ напачатку пэрформансу. Мужчыны назваліся службай бясьпекі БДПА ды загадалі прадстаўнікам ЗБС разысьціся.

(Кіраўнік службы бясьпекі: ) "Усё..."

(Карэспандэнтка: ) "Якая падстава?"

(Кіраўнік службы бясьпекі: ) "Перашкаджаеце тут..."

(Карэспандэнтка: ) "Каму?"

(Кіраўнік службы бясьпекі: ) "Усім, мінакам. Усе вольныя..."

На гэтым імпрэза завершылася. Вось як пракамэнтавала ейныя вынікі прэсавая сакратарка ЗБС Аксюта Кашкевіч:

(Кашкевіч: ) "Як бачна, адміністрацыя БДПА не дала дазволу падымаць стыпэндыю сваім студэнтам. Яны лічаць, што кожнаму студэнту хапае стыпэндыі. Нават, калі студэнты захочуць уласнымі намаганьнямі падняць яе, ніхто ім гэтага не дазволіць".

Дарэчы, калі беларускія студэнты маюць стыпэндыю прыкладна 10-12 даляраў, то, напрыклад, латыскія студэнты атрымліваюць каля 50 даляраў, літоўскія — ад 20 да 100 даляраў у залежнасьці ад навучальнай установы. А вось расейскае студэнцтва прыкладна ў той жы сытуацыі, што й беларускае — там стыпэндыя складае ў сярэднім 10 даляраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG