Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРЭЗЫДЭНТ МАЛДОВЫ БАЧЫЦЬ СВАЮ КРАІНУ Ў БЕЛАРУСКА-РАСЕЙСКІМ САЮЗЕ ТОЛЬКІ “НАЗІРАЛЬНІКАМ”


Юры Дракахруст, Прага

“Малдова ўжо зараз гатовая ўдзельнічаць у інтэграцыйным працэсе саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі ў якасьці назіральніка,” – пра гэта заявіў учора на прэсавай канфэрэнцыі па выніках візыту ў Маскву новы малдоўскі прэзыдэнт Уладзімер Варонін.

Што гэта за дзіўны статус – “назіральнік” – зразумець цяжка. У рэшце рэшт усе краіны сьвету – назіральнікі за беларуска-расейскімі інтэграцыйнымі гульнямі.

Гісторыя нібыта шукае найбольш пераканаўчыя доказы таго, што імпэрыі ніколі не аднаўляюцца. У Малдове на выбарах аглушальную перамогу атрымалі камуністы, адным з галоўных іх перадвыбарчых абяцаньняў было далучэньне краіны да беларуска-расейскага саюзу. Зараз камуністы дамінуюць ва ўсіх ворганах улады Малдовы: прэзыдэнт – камуніст, у парлямэнце камуністы маюць канстытуцыйную большасьць. Першы візыт новы лідэр краіны робіць у Маскву, і ўжо ў аэрапорце заяўляе, што пытаньне пра далучэньне да саюзу “пастаўленае ў Малдове на разгляд і вывучэньне, што патрабуе часу”. А вось прыднястроўскае пытаньне, – дадае Ўладзімер Варонін, – “патрабуе неадкладнага вырашэньня”.

Новы малдоўскі лідэр прадэманстраваў памяркоўнасьць і ў рэалізацыі другога перадвыбарчага абяцаньня камуністаў – наданьня расейскай мове статусу другой дзяржаўнай. На адпаведнае пытаньне карэспандэнта расейскай “Независимой газеты” ён дыпляматычна адказаў, што спачатку чалавеку трэба “пад язык нешта пакласьці” і потым ўжо казаць пра “праблемы языка”.

Справа ня ў тым, што перадвыбарчыя абяцаньні камуніста Вароніна былі сьвядомаю хлусьнёю, а ў тым, што цяжар адказнасьці патрабуе ад прэзыдэнта Вароніна зусім іншай растаноўкі прыярытэтаў. Нездарма галоўнай для яго зараз стала праблема Прыднястроў’я, праблема тэрытарыяльнай цэласьці краіны.

Частка Малдовы, што ляжыць на левым беразе Днястра, абвесьціла аб непадпарадкаваньні Кішынёву ў 1992 годзе, падставаю называліся пляны некаторых малдоўскіх палітыкаў далучыць Малдову да Румыніі, а таксама дыскрымінацыя ў Малдове расейскай мовы. Дзяржаўнасьць самаабвешчанай Прыднястроўскай рэспублікі ня прызнаная ніводнай краінай сьвету.

У Маскве прэзыдэнт Малдовы сфармуляваў сваё бачаньне ўрэгуляваньня зь мяцежнай правінцыяй: самыя шырокія паўнамоцтвы, але ў межах адзінай дзяржавы. Праўда, у інтэрвію “Независимой газете” Ўладзімер Варонін падкрэсьліў, што прыднястроўскія лідэры мусяць адысьці ад патрабаваньняў роўнасуб’ектнасьці Прыднятроў’я і астатняй Малдовы. “У адзінай дзяржаве будуць іншыя правілы,” – патлумачыў ён. Вельмі слушная заўвага для беларускіх інтэгратараў, якія мараць пра тое, каб аб’яднацца з Расеяй і застацца цалкам незалежнымі.

Зразумела, ўсе неабходныя цёплыя словы на адрас Расеі малдоўскім лідэрам падчас яго візыту ў Маскву былі сказаныя. На Расею прыпадае 40% зьнешнегандлёвага абароту Малдовы, толькі за газ краіна вінаватая Расеі 600 мільёнаў даляраў. Да таго ж менавіта Масква мае вырашальны ўплыў на незгаворлівых лідэраў Прыднястроў’я, там дагэтуль знаходзіцца расейская 14-я армія. Дарэчы, падчас свайго візыту ў Маскву новы малдоўскі лідэр вельмі асьцярожна і ветліва намякнуў на тое, што расейскім войскам, што стаяць у Прыднястроў’і, варта б у рэшце рэшт пакінуць краіну.

Уладзімер Пуцін паабяцаў, што Расея стане гарантам урэгуляваньня прыднястроўскай праблемы. Гэта азначае, што магчымасьць манэўру і ўпартасьці для прыднястроўскіх лідэраў істотна зьмяншаецца. Ужо сёньня з пасярэдніцкай місіяй ў Малдову прыбыў былы расейскі прэм’ер Яўген Прымакоў.

Зразумела, за гэтыя паслугі Кішынёву давядзецца заплаціць, але ў Маскве малдоўскі прэзыдэнт-камуніст даў зразумець, што сувэрэнітэт краіны гэтай платаю ня стане.

Дарэчы, адразу ж пасьля выбараў у Малдове Крэмль рэагаваў на дэкляраванае імкненьне Малдовы далучыцца да беларуска-расейскага саюзу з куды меншым энтузіязмам, чым афіцыйны Менск. Па-першае, таму, што новы сябра саюзу для Масквы рэальна азначае дадатковы рот, які трэба карміць. А па-другое, нягледзячы на імпэрскую настальгію, адказныя палітыкі у Расеі разумеюць, што дзіцячы макет пад назваю “беларуска-расейскі саюз” не заменіць імпэрыю, якая сышла ў мінулае назаўжды.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG