Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У РЭЧЫЦЫ ЎЛАДЫ НАМАГАЮЦЦА ЗЬМЯНІЦЬ ЗАЯЎЛЕНУЮ ТЭМУ ЧАРНОБЫЛЬСКАГА МІТЫНГУ


Казімер Яноўскі, Гомельская вобласьць

Замову на мітынг у цэнтры гораду паблізу каплічкі Сьвятой Эўфрасіньні Полацкай Васіль Гулай, Аляксандар Зайцаў, Уладзімер Кошчанка і Валер Пуціцкі як прыватныя асобы падалі ў гарвыканкам яшчэ 10 красавіка. Пазначылі і тэму, як таго патрабуюць улады.

Тыдзень гарвыканкам захоўваў маўчаньне, а пасьля намесьнік старшыні па інфармацыі насельніцтва і сувязях з грамадзкімі арганізацыямі Віталь Атаманчук выклікаў да сябе Васіля Гулая і запатрабаваў зьмяніць тэму мітынгу. Ён дамагаўся, каб з назвы былі выключаныя словы пра “злачынныя паводзіны ўладаў у сфэры абароны правоў людзей, што пацярпелі ад чарнобыльскай катастрофы”. У выпадку адмовы ён пагражаў паставіць адмоўную рэзалюцыю на заяве. Васіль Гулай не пагадзіўся на зьмену назвы мітынгу, такой жа думкі трымаюцца і іншыя ініцыятары мітынгу. Не пагаджаюцца яны і на прапанову гарвыканкаму правесьці замест мітынгу “крыглы стол”, на які чыноўнікі ўжо запрасілі старшыню суполкі БНФ “Адраджэньне” Валера Пуціцкага.

Сам спадар Пуціцкі распавёў вашаму карэспандэнту, што ад “круглага стала” ён прынцыпова не адмаўляецца, аднак імпрэза гарвыканкаму не павінна аўтаматычна скасаваць сам чарнобыльскі мітынг. З гэтым пагаджаецца і Аляксандар Зайцаў, кіраўнік мясцовага аб’яднаньня “Грамадзянскія ініцыятывы”. Ён паведаміў: калі гарвыканкам не дазволіць мітынг з замоўленай тэмай, то 21 красавіка людзі ўсё адно выйдуць са сьвечкамі да каплічкі Сьвятой Эўфрасіньні Полацкай і правядуць там гадзіну смутку па ахвярах Чарнобылю.
XS
SM
MD
LG