Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАНГРЭС «СЬВЕТ ПАСЬЛЯ ЧАРНОБЫЛЯ»


Віталь Цыганкоў, Менск

"Радыяцыйная катастрофа ў Беларусі працягваецца" — адзначыў ва ўступным слове да ўдзельнікаў кангрэсу прэзыдэнт фонду "Дзецям Чарнобыля" Генадзь Грушавы.

У працы кангрэсу бяруць удзел больш як 300 чалавек. Гэта прадстаўнікі беларускіх міністэрстваў і ведамстваў, міжнародных дабрачынных арганізацыяў, ААН, ЮНЭСКА, АБСЭ і Эўракамісіі, дыпляматы, навукоўцы, парлямэнтары, рэлігійныя дзеячы й журналісты з 12 краін.

Генадзь Грушавы ў інтэрвію для Радыё Свабода паведаміў, што кангрэс павінен рэалізаваць тры асноўныя мэты. Першае: разбурыць міт пра тое, нібыта Чарнобыль ужо не пагражае беларусам; другое, дамагчыся, каб грамадзтва запатрабавала ад уладаў выдаткоўваць значна большыя рэсурсы на ліквідацыю наступстваў аварыі; па-трэцяе, зьвярнуць увагу міжнароднай супольнасьці на праблемы Беларусі.

Адным з найбольш адметных выступаў на кангрэсе стала прамова акадэміка Івана Нікітчанкі — ён прывёў шэраг лічбаў, якія шмат пра што гавораць. Акадэмік лічыць, што цяперашняя чарнобыльская палітыка дзяржавы — злачынства. У інтэрвію для Свабоды спадар Нікітчанка адзначыў:

(Нікітчанка: ) "Палітыка дзяржавы зараз не абараняе людзей. Нехта давёў Лукашэнку, што чарнобыльская праблема ўжо неактуальная, што ніякіх наступстваў няма і ўсё добра. На самой справе чарнобыльская праблема толькі пачынаецца.

Зараз мы адчуваем толькі фізіялягічныя наступствы, якія датычаць людзей, што жывуць цяпер. Самыя страшныя наступствы будуць гадоў праз 10-15, калі пачнуць нараджацца дзеці тых дзяцей, якіх захапіла чарнобыльская бяда. Яшчэ больш жудаснымі будуць наступствы для іхных унукаў".

Прэзыдэнт ляндтагу (парлямэнту) нямецкай зямлі Ніжняя Саксонія, сябар Назіральнай рады Фонду "Дзеці Чарнобыля" Ніжняй Саксоніі Рольф Вэрнштэдт казаў пра тое, што трэба зрабіць, каб тэма Чарнобыля не замаўкала за межамі Беларусі. "Задача чарнобыльскіх ініцыятываў — пераўтварыць успаміны людзей пра катастрофу ў эфэктыўную дапамогу", — лічыць спадар Вэрнштэдт.

Дрэнна паўплываць на працу ўсіх дабрачынцаў можа сумнавядомы дэкрэт №8 Аляксандра Лукашэнкі. Генадзь Грушавы гаворыць пра наступствы, які можа прынесьці гэты дэкрэт:

(Грушавы: ) "Гэта будзе найперш адбівацца на жаданьні надалей дапамагаць Беларусі з рознымі гуманітарнымі праектамі.

Спасылка на тое, што тут нейкія палітычныя падставы — гэта хлусьня. Па-сапраўднаму гэты дэкрэт б’е найперш па большасьці гуманітарных фондаў, дабрачынных арганізацыяў. Усё недзяржаўнае падпадае пад уціск гэтага дакумэнту. Я думаю, дэкрэт мусіць быць адменены.

Але гэтую справу павінны вырашаць мы самі, беларусы, бо гэта датычыцца не замежнікаў. Не яны страцяць — мы страцім. Не яны павінны гэтае пытаньне ўздымаць, а мы. І калі грамадзтва зразумее, што тут інтарэс усяго народу — думаю, тады дэкрэт будзе адменены".

Дарэчы, абмеркаваньне дэкрэту ўжо паставілі на парадак дня кангрэсу. Магчыма, удзельнікі форуму нават прымуць з гэтай нагоды адмысловы зварот да ўраду.
XS
SM
MD
LG