Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАЛАДАФРОНТАЎЦЫ ВЫБІРАЛІ СЁНЬНЯ ПРЭЗЫДЭНТА ЗЬ ЛІКУ МЕНСКІХ ПОМНІКАЎ ГІСТАРЫЧНЫМ АСОБАМ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Акцыя мела назву "Прэзыдэнцкія выбары сярод помнікаў Менску". Каля 10 сяброў Маладога Фронту са скрынямі "Выбары-2001" дзьве гадзіны хадзілі па цэнтральных вуліцах гораду й прапаноўвалі мінакам узяць удзел у імправізаваным галасаваньні.

Адна з арганізатарак акцыі, прэсавая сакратарка Маладога Фронту Стася Басава так патлумачыла мэту гэтага мерапрыемства:

(Басава: ) "Мы хочам паказаць, што беларускія людзі змогуць дастойна зрабіць свой выбар на будучых прэзыдэнцкіх выбарах. Зараз гэта нібы гульня, але яна, думаем, пакажа, на што гатовыя беларусы".

У сьпіс для галасаваньня занесьлі "прозьвішчы" 10 менскіх помнікаў. Максім Багдановіч стаў кандыдатам ад аб’яднаных дэмакратычных сілаў, Фэлікс Дзяржынскі — ад КГБ. Уладзімер Ленін прадстаўляў ПКБ-КПБ, іншыя бальшавіцкія правадыры — Міхаіл Калінін і Сяргей Кіраў — былі кандыдатамі ад аграр'еў і прамыслоўцаў. Янка Купала зь Якубам Коласам прадстаўлялі беларускі народ і ягоную творчую інтэлігенцыю. Партызан Марат Казей быў кандыдатам ад эколягаў, а помнік танку "Т-34" прадстаўляў вайскоўцаў.

Удзел у гэтым галасаваньні ўзялі 95 чалавек рознага веку. Пасьля падліку бюлетэняў бясспрэчным лідэрам галасаваньня сярод менчукоў (62 галасы "за"), стаў помнік Максіму Багдановічу. Ніводнага голасу ня мелі Дзяржынскі з Кіравым. Сямёра апытаных лічаць, што найлепшым прэзыдэнтам Беларусі мог бы стаць танк "Т-34".

Маладафронтаўцы былі задаволеныя вынікамі імправізаванага галасаваньня. Гаворыць старшыня выбарчай камісіі Стася Басава:

(Басава: ) "Вынікі вельмі станоўчыя, бо большасьць людзей усё ж аддалі свой голас за сапраўднага беларускага патрыёта — за Багдановіча".

Міліцыя ніяк не адрэагавала на несанкцыянаваную акцыю маладафронтаўцаў. Лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец паведаміў, што ягоныя сябры будуць і надалей арганізоўваць розныя акцыі, каб прыцягнуць на будучыя прэзыдэнцкія выбары як мага большую колькасьць грамадзянаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG