Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЛЯКСАНДАР САЛАДУХА НЯ МАЕ НАМЕРУ ЎДЗЕЛЬНІЧАЦЬ У ПЕРАДВЫБАРЧЫХ АГІТБРЫГАДАХ ЛУКАШЭНКІ


Ігар Карней, Менск

Апошнія тры гады Аляксандар Саладуха правёў у Маскве, зь пераменлівым посьпехам штурмуючы канцэртныя пляцоўкі. Зараз ён аднаўляе гастролі ў Беларусі. Гаворыць Аляксандар Саладуха:

(Саладуха: ) "Я раблю свае высновы. Многія рэчы я магу адкрыта і сьмела гаварыць уголас, нешта я праз выхаваньне ўголас не скажу. Але калі многія скардзяцца на лёс, на тое, што адбываецца ў краіне, я адказваю: пачакайце, вы ж самі выбралі такі шлях, вас жа ніхто не прымушаў. Вы, народ, вы ж самі выбіралі! Не падабаецца гэты кіраўнік — абярыце іншага, шанец ёсьць. Кожны можа паўплываць на лёс свой і ўсёй краіны. А няздольны — значыць, ты слабы".

Пасьля вяртаньня Саладуха зьбіраецца пачаць запісваць новыя песьні на беларускай мове. Чым выкліканае такое рашэньне?

(Саладуха: ) "Гэты год вельмі значны для нашай краіны. Год прэзыдэнцкіх выбараў… Якраз восеньню 10 гадоў маёй сольнай кар'еры і роўна 10 гадоў, як мая працоўная кніжка ляжыць дома. А гэта значыць, што я свабодны мастак і не залежу ад дзяржавы.

Я жыву тут, я беларус (і ганаруся гэтым), але, як любы эўрапеец, маю права быць свабодным. Вось чаму я ня быў ні на адных "дажынках". І нават калі спрабавалі настойліва запрасіць, я імкнуўся кудысьці ад'ехаць. Я не хаваю: я за ўсім сачу, усім цікаўлюся і цудоўна разумею, што адбываецца".

На пытаньне: якой будзе рэакцыя, калі паступіць прапанова падтрымаць кандыдата, апанэнта цяперашняй уладзе, Саладуха адказаў двухсэнсоўна:

(Саладуха: ) "Калі я пачую чалавечы голас, чалавечы падыход, я заўсёды прыйду з радасьцю. Калі не — яны мяне ніколі ня ўбачаць".

Саладуха прыгадвае, што цягам усяго маскоўскага пэрыяду, амаль ва ўсіх кампаніях абавязкова каламбурылі: маўляў, у Расеі добра ведаюць толькі двух Сашаў — Лукашэнку і Саладуху.

Сам Саладуха сустракаўся з Лукашэнкам некалькі разоў, і заўсёды той прасіў толькі адно: "Давай сваё фірмовае". Саладуха сядаў за піяніна, і Лукашэнка гучна і заўзята выконваў тагачасны хіт "Чужая мілая".

Саладуха, бадай, першы зь беларускіх эстрадных выканаўцаў акрэсьліў сваю пазыцыю напярэдадні прэзыдэнцкага маратону. Усе астатнія прадстаўнікі артыстычнай інтэлігенцыі сваімі меркаваньнямі пакуль ня дзеляцца.

Але ёсьць зьвесткі, што падтрымліваць прадстаўніка ўлады будуць найперш тыя, хто дастаткова лёгка перажываў любыя палітычныя калізіі — ад тых, хто прапісаны на плошчах філярмоніі і да тых, хто заняў дзяржаўныя пасады пры цяперашнім рэжыме.

Апроч таго, неафіцыйныя крыніцы паведамляюць, што агітаваць за Лукашэнку будзе таксама вялікі дэсант расейскіх поп-ідалаў, якіх, паводле словаў таго ж Саладухі, за грошы можна выкарыстоўваць у любых афэрах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG