Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БУМ АНГЕЛЬСКАЕ МОВЫ Ў ЭЎРОПЕ МОЖА ПАШКОДЗІЦЬ ІНШЫМ МОВАМ


Юры Сьвірко, Прага

У швэйцарскай школе ў Тальвілі на беразе Цюрыхскага возера ангельская мова сталася часткаю паўсядзённага жыцьця, паведамляе сёньняшні нумар газэты International Herald Tribune. Вучні ад сямігадовага ўзросту вучацца памнажаць лічбы ці абмяркоўваюць надвор’е па-ангельску. Сьпіс песьняў, якія яны ўжо вывучылі, складаецца ня толькі зь мясцовых нямецкіх твораў, але й з англамоўных кшталту “Old Macdonald”.

Бацькі дзяцей задаволеныя. “Гэта тое, што трэба сёньня,” – кажа Бэатрыкс Кафарэа, сын якое ходзіць у гэтую школу. “Людзі размаўляюць па-ангельску паўсюль, ня толькі за мяжой,” – дадае яна.
Ва ўсёй Эўропе анегльская мова пашырае сваю сфэру ўжытку. Акрамя гэтай швэйцарскай школы, ва эўрапейскіх ўнівэрсытэтах, у прыватнасьці, ў паўночнай Эўропе, лекцыі па дакладных навуках, філязофіі ды бізнэсе чытаюцца па-ангельску. Нават некаторыя кампаніі – напрыклад, францускі тэлкамунікацыйны гігант “Алькатэль”, які належыць дзяржаве, – выкарыстоўваюць ангельскую ў якасьці сваёй ўнутранай мовы.

Паводле дасьледаваньня Эўразьвязу, 70 адсоткаў апытаных пагадзіліся з прапановаю, што “ўсе мусяць размаўляць па-ангельску”.
Але амаль столькі ж сказалі, што іхная ўласная мова мае быць абароненая.

Як знайсьці слушны балянс? – гэтае пытаньне якраз і ёсьць прадметам дэбатаў. Дзе ўжываньне ангельскай мовы практычнае, а дзе яно пагражае нацыянальнай ідэнтычнасьці?

“Тое, што мы ўсе размаўляем па-ангельску, – як кампраміс гэта цудоўна,” – кажа Бэртран Мэнчасі з Эўрапейскага бюро менш ужываных моваў і пытаецца: “Але да якой ступені? Ці трэба ўсе кантракты пісаць па-ангельску? Ці будуць усе паперы ўнівэрсытэтаў пісацца па-ангельску? У Нідэрляндах некалькі гадоў таму існавала прапанова перавесьці ўсё ўнівэрсытэцкае выкладаньне на ангельскую. Гэта можа быць вельмі небясьпечна. Калі вы пачынаеце зьнішчаць інтэлектуальную супольнасьць ды эканамічную супольнасьць, вы паступова можаце забіць мову,” – сьцьвярджае спадар Мэнчасі.

У Швэйцарыі некаторыя палітыкі ды супрацоўнікі рэдакцыяў рэзка атакавалі моўную праграму ў Тальвілі, пытаючыся, чаму ў краіне з чатырма афіцыйнымі мовамі – нямецкай, французкай, італьянскай і рэтараманскай – дзеці вывучаюць ангельскую як першую замежную мову.

Шматлікія законы за апошнія дзесяць гадоў былі прынятыя ў Францыі з мэтай абараніць францускую мову, у тым ліку закон, які робіць францускую абавязковай мовай для рэклямы, этыкетак ды інструкцыяў з карыстаньня. Каля 40 адсоткаў песьняў у эфіры францускага радыё мусяць быць франкамоўныя, гэткая ж формула існуе на тэлебачаньні. Каб змагацца з засільлем англіцызмаў, тэрміналягічная камісія рэгулярна стварае алтэрнатывы ангельскім кампутарным ды бізнэс-тэрмінам кшталту “World Wide Web” ці “CD-ROOM”. Урад заабавязаны ўжываць новыя тэрміны, шмат зь якіх гучаць нязвыкла нават для францускага вуха.

Але Францыя і Швэйцарыя не самотныя ў абмеркаваньні мажлівых юрыдычных шляхоў абароны нацыянальных моваў. Падобныя законныя абмежаваньні дэбатуюцца ў некалькіх іншых краінах, улучна з Польшчай, Румыніяй і Нямеччынай.

Кансэрватыўны палітык Экарт Вэртэбах, міністар унутраных справаў зямлі Бэрлін, настойвае ны прыняцьці закону пра чысьціню мовы са значнымі штрафамі для тых, каго зловяць на ўжываньні сапсаванае мовы.

Аднак трыюмфальны марш ангельскае працягваецца. Цяпер гэта найбольш распаўсюджаная другая мова для эўрапейцаў. Паводле апытаньня Эўразьвязу, апублікаванага ў лютым, больш як 40 адсоткаў апытаных эўрапейцаў сказалі, што ведаюць ангельскую як другую мову.
XS
SM
MD
LG