Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІНІСТАР АБАРОНЫ РАСЕІ ІВАНОЎ СУСТРЭЎСЯ З АЛЯКСАНДРАМ ЛУКАШЭНКАМ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Расейскі міністар абароны Сяргей Іваноў, які другі дзень знаходзіцца ў Менску, сёньня сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам. Паводле кулюарнай інфармацыі, расейскі міністар за 3 гадзіны размовы абмеркаваў з кіраўніком Беларусі палітычныя пытаньні, у тым ліку й наступныя выбары ў Беларусі.

Аднак сам спадар Іваноў на маё пытаньне адказаў, што гаворка тычылася толькі вайсковых праблемаў:

(Іваноў: ) "Не, гэтай тэмы не закраналі. Акрамя справаздачы пра вынікі сумеснай калегіі я падрабязна распавёў на просьбу Лукашэнкі пра вайсковую рэформу ў Расеі, пра тое, як мы яе бачым".

Таксама расейскі міністар паведаміў, што падчас сёньняшніх перамоваў зь беларускім міністрам абароны Леанідам Мальцавым былі абмеркаваныя пытаньні вайсковага супрацоўніцтва ў межах саюзу дзьвюх краінаў.

Гэта былі пытаньні пра выкарыстаньне сумеснай інфраструктуры, пра ўніфікацыю заканадаўства і падрыхтоўку агульнай вайсковай дактрыны. "Яна будзе празрыстай", — сказаў Іваноў і паабяцаў, што новую дактрыну надрукуюць ў газэтах.

Адносна аб'яднанай вайсковай групоўкі расейскі міністар заўважыў, што яна будзе складацца з частак Беларускага войска, Маскоўскай вайсковай акругі й войскаў, разьмешчаных ў Калінінградзе. "Гэта будзе ўнушальная сіла", — заявіў Іваноў. Падпарадкоўвацца гэтыя войскі будуць пакуль Маскве і Менску, але, калі спатрэбіцца, хутка будуць вырашаныя пытаньні адзінага камандаваньня.

Беларускі міністар абароны Леанід Мальцаў пры гэтым запэўніў журналістаў, што Беларусь захавае свой статус безьядзернай дзяржавы, які быў гарантаваны таксама й прэзыдэнтамі Расеі й ЗША.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG