Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЗА ДЗЬВЕ ГАДЗІНЫ Ў ГАН-КОНГУ РАЗЫШЛІСЯ ПЕРШЫЯ АСОБНІКІ КНІГІ ПРА ПАДЗЕІ НА КІТАЙСКАЙ ПЛОШЧЫ ЦЯНЬ-АНЬ-МЫНЬ


Вольга Караткевіч, Прага

Газэта Wall Street Journal in Europe піша, што ў той час, калі ў ЗША перажывалі аварыю амэрыканскага самалёта і затрыманьне экіпажу, кітайскі прэзыдэнт Цзян Цзэмін атрымліваў асалоду ад гасьціннасьці кубінскага лідэра Фідэля Кастра. Госьць з Пэкіну пад час урачыстай вячэры прасьпяваў Фідэлю “Квантанамэра” і фрагмэнты зь кітайскай опэры.

Здаецца, Фідэлю спадабалася сэрэнада, не гаворачы пра кітайскі крэдыт памерам у 374 мільёны даляраў для мадэрнізацыі кубінскіх тэлекамунікацыяў, пабудовы шыкоўнага гатэлю ў Гаване і для набыцьця мільёна кітайскіх тэлевізараў.

Ня дзіўна, што два лідэры так пасябравалі, піша Wall Street Journal in Europe - яны кіруюць дзьвюма зь некалькіх камунстычных партыяў, што засталіся пры ўладзе. Яны абодва разглядюць сваіх падначаленых як сьмецьце. Іхныя краіны ачольваюць ўсе сьпісы грубых парушальнікаў правоў чалавека. Абодва трактуюць крытыку як зачэпкі Захаду і ўмяшаньне ва ўнутраныя справы.

Адна з галоўных мэтаў павездкі Цзян Цзэміна ў Лацінскую Амэрыку – перашкодзіць намаганьням ЗША дабіцца ад Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў рэзалюцыі пра рэкордныя парушэньні правоў чалавека ў Кітаі. Перад Кубай кітайскі лідэр наведаў Уругвай, Бразылію і Аргентыну, Венэсуэлу.

Цягам усяго падарожжа, Цзян Цзэмін атрымліваў дапамогу ў форме гандлёвых пагадненьняў. Выглядае, з большага ён атрымаў, што хацеў: як мінімум падтрымку Лацінскай Амэрыкі кітайскай пазыцыі ў Камітэце правоў чалавека ААН.

Заўтра гэты камітэт будзе разглядаць рэзалюцыю ЗША, у якой Амэрыка патрабуе асудзіць Кітай. Праваабарончыя арганізацыі ня надта спадзяюцца, што камітэт, у які ўваходзяць 53 краіны, прагаласуе за амэрыканскую прапанову. 9 гадоў ЗША дамагаюцца асуджэньня Кітаю, аднак гэтыя намаганьні цярпелі паразу. У гэтым годзе традыцыйнае лёбі Кітаю з выкарыстаньнем эканамічных і палітычных мэханізмаў, - памоцненае, бо Кітай дамагаецца права правесьці алімпійскія гульні 2008 году.

У артыкуле “Купі кнігу” Wall Street Journal in Europe заўважае: некаторыя дробныя падзеі могуць сказаць болей, чым сотні цытатаў з экспэртаў: у вулічным кіёску Ган-Конгу за дзьве гадзіны былі распрададаныя першыя экзэмляры перакладзенай на кітайскую мову кнігі “Цяньаньмынскія паперы”. Апублікаваныя ў Кітаі пад назовам “4-га чэрвеня: рэальная гісторыя” “Цяньаньмыньскія паперы” сталі бэстсэлерам. Выкарыстаўшы сакрэтныя дакумэнты, амэрыканскія рэдактары Пэры Лінк і Эндру Натан далі сьвету магчымасьць зірнуць на параною і манію велічы ў Пэкіне напярэдадні таго, як Камуністычная партыя паслала танкі супраць дэмакратычных дэманстрантаў на плошчы Цяньаньмынь у Пэкіне”. Публікацыя на кітайскай мове прысьвечаная гадавіне студэнцкага руху пратэсту у Кітаі ў 1989 годзе. Пад час падзеяў на пляцы Цянь-ань-мынь у знак падтрымкі на вуліцы Ган-Конгу выйшлі больш як мільён чалавек. Яны могуць купіць шмат кніг, - зазначае Wall Street Journal in Europe. У самім Кітаі кніга забароненая.
XS
SM
MD
LG