Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У ВІЦЕБСКУ – РЭПРЭСІІ СУПРАЦЬ АПАЗЫЦЫЯНЭРАЎ


Алег Жукоўскі, Віцебск

Учора, калі некалькі сяброў “Сёмай грані” – моладзевай арганізацыі, якую больш за год адмаўляюцца зарэгістраваць – праходзілі побач з апорным пунктам грамадзкай бясьпекі, да іх прычапіліся міліцыянты, што стаялі на ганку, запатрабавалі зайсьці і абшукалі. Зноў была канфіскаваная газэта “Наша Свабода” – на гэты раз 460 асобнікаў. Парушаючы ўсе маральныя нормы і артыкулы крымінальнага кодэксу, міліцыянты-мужчыны спрабавалі зрабіць асабісты дагляд Вольгі Карач без панятых жаночага полу. Яны паспрабавалі выштурхаць сяброў Вольгі з пастарунку, але сустрэліся з рашучым пратэстам. Дзяжурны загразіў, што пратрымае Вольгу ўсю ноч у камэры – так званым “малпоўніку”.

Затрыманую ўсё ж адпусьцілі праз тры гадзіны. На маладую жанчыну распачатае сапраўднае паляваньне. Як толькі яна са сваімі сябрамі-паплечнікамі сустракаецца зь міліцыянтамі на вуліцах гораду, амаль адразу ўзьнікае канфлікт. 24 сакавіка яе пратрымалі тры гадзіны ў пастарунку за тое, што моладзь на пляцы распаўсюджвала незалежныя выданьні. Два дні таму, у Вялікую суботу, Вольгу разам зь Віталём Фраловым зьнялі з тралейбуса, завялі ў Кастрычніцкі РАУС, склалі пратакол і сканфіскавалі 47 асобнікаў спэцвыпуску “Нашай Свабоды”, пры гэтым паабяцалі, што справа можа быць перададзеная ў суд.

Тое, што гэткія адносіны да моладзі з дэмакратычных арганізацыяў у віцебскіх міліцыянтаў невыпадковыя, сьведчаць адказы кіраўніка ўправы ўнутраных справаў аблвыканкаму генэрал-маёра Валерыя Гарадзенкі. На пытаньне, чаму ў горадзе на вачах міліцыянтаў вольна шпацыруюць маладыя людзі са свастыкай, ён заўважыў, што гэтая праблема знаходзіцца ў выхаваўчай сфэры, а не ў прававой. Але за графіці “Зубра”, лічыць ён, трэба прыцягваць да суворай адказнасьці, лепш крымінальнай. Таму ня дзіва, што надпісы кшталту “Дзе Захаранка?” старанна замалёўваюцца, а фашыстоўскія знакі спакойна красуюцца на мурах.

Таксама сёньня за распаўсюд газэты “Беларуская салідарнасьць” са зваротам Зянона Пазьняка затрымалі двух чалавек – чальцоў Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Барыса Хамайду і Ўладзімера Плешчанку.
XS
SM
MD
LG