Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЯБРЫ КАНСЭРВАТЫЎНА-ХРЫСЬЦІЯНСКАЙ ПАРТЫІ БНФ ПЛЯНУЮЦЬ ЧАРНОБЫЛЬСКІ ШЛЯХ У ЦЭНТРЫ МЕНСКУ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Cёньня на размову ў гарвыканкам запрасілі прэсавага сакратара Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Валера Буйвала і актывіста партыі Анатоля Лагутава.

Пасьля непрацяглай размовы чыноўнікі паведамілі апазыцыянэрам, што могуць дазволіць мітынг 26 красавіка толькі на плошчы Бангалёр. Заяўляльнікі адказалі, што іх задавальняе толькі адзін маршрут — шэсьце ад плошчы Незалежнасьці да Кастрычніцкай плошчы, дзе а 19-й гадзіне 26 красавіка яны зьбіраюцца правесьці жалобны мітынг. Гаворыць Валер Буйвал:

(Буйвал: ) "Гэта ўжо ёсьць звычайным для ўладаў у нашай краіне — не шанаваць людзей. Гэта найперш. А другое, страх перад людзямі — гэта ж антынародная, антыбеларуская ўлада. Шмат людзей пойдуць у гэты дзень у цэнтар гораду, менавіта на плошчу Незалежнасьці".

Разам з тым спадар Буйвал дадаў, што сябры Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ ня будуць браць удзелу ў Чарнобыльскім шляху, арганізаваным іншымі дэмакратычнымі сіламі, і ня будуць насіць ніякіх зваротаў да Дома ўраду.

Тымчасам менскія ўлады пакуль не далі ніякага адказу на заяўку прадстаўнікоў аргкамітэту Чарнобыльскага шляху, якія дамагаюцца дазволу на правядзеньне акцыі 26 красавіка ў цэнтры гораду.

Нагадаем, што сябры аргкамітэту заклікаюць грамадзянаў прыйсьці 26 красавіка а 17-й гадзіне на плошчу Волі, дзе адбудзецца гадзіна смутку. Пасьля дэманстранты зьбіраюцца прайсьці да Дома ўраду на плошчы Незалежнасьці, каб перадаць уладам зварот з патрабаваньнем выконваць дзяржаўную праграму ліквідацыі наступстваў Чарнобыльскай катастрофы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG