Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ ВЫТВОРЦЫ ТЫТУНЮ ПАТРАБУЮЦЬ АНТЫДЭМПІНГАВАГА РАСЬСЬЛЕДАВАНЬНЯ СУПРАЦЬ РАСЕЙСКІХ ФАБРЫКАЎ


Ігар Карней, Менск

Паводле айчынных вытворцаў, пераважная большасьць танных цыгарэтаў трапляе на беларускі рынак незаконна.

Падставай да хваляваньняў сталі зьвесткі пра тое, што сёлета расейскія вытворцы маюць намер падвоіць сваю прысутнасьць на беларускім рынку. Летась з Расеі завезьлі прыблізна 6 мільярдаў цыгарэтаў. А паводле статыстыкі, попыт на цыгарэты ў Беларусі складае да 17 мільярдаў штук на год.

Атрымаўшы заяву, беларускі МЗС зьвярнуўся па кансультацыі ва ўрад, і днямі была атрыманая згода на правядзеньне адпаведнага расьсьледаваньня. Гаворыць кіраўнік Управы рэгуляваньня зьнешняга гандлю МЗС Вадзім Ламкоў:

(Ламкоў: ) “Пакуль ідзе дасьледаваньне сутнасьці пытаньня, таму цалкам магчыма, што наогул ніякага рашэньня прынята ня будзе —калі мы высьветлім, што нашым выворцам не наносіцца ніякай шкоды. Тады канцэрну “Белдзяржхарчпрам” ў пазове прыйдзецца адмовіць.

Пакуль што гаворка ідзе наогул пра разгляд імпарту тытунёвых вырабаў у рэспубліку і ягонае ўзьдзеяньне на беларускую вытворчасьць: у прыватнасьці, хто, як, і колькі завозіць”.

У расейскім гандлёвым прадстаўніцтве лічаць, што жорсткіх санкцыяў удасца пазьбегнуць. Экспэрт Ірына Пашкова кажа, што, паводле неафіцыйных зьвестак, беларускі бок можа пераключыць увагу на іншых пастаўшчыкоў — прыкладам, на Польшчу ці Ўкраіну.

(Пашкова: ) “Вытворцы, якім нанесеная шкода, сапраўды маюць права падаць адпаведную заяву. Але калі ў Расеі ёсьць камісія ў справе абарончых мераў і тарыфных пытаньняў, то ў вас яе няма. Таму ўсё ў руках міжведамаснай працоўнай групы, якая будзе разглядаць скаргі, дзе на прыкладах, на статыстьцы даказваецца нанесеная шкода.

Пасьля зацікаўленыя краіны павінны гэта пракамэнтаваць і даслаць зьвесткі, якія пацьвярджаюць альбо абвяргаюць абвінавачаньні. Так у дыялёгу нараджаецца ісьціна, а ўжо потым вызначыцца, што гэта будуць за спосабы ўзьдзеяньня: антыдэмпінг альбо часовыя абарончыя меры”.

Тым ня менш, пачатак афіцыйнага расьсьледаваньня прызначаны на 30 красавіка. Менавіта гэтай датай акрэсьлены тэрмін, калі свае контараргумэнты могуць выкласьці расейскія імпартэры. Але, паводле заканадаўства, расьсьледаваньне можа расьцягнуцца на 9 месяцаў. А гэтага тэрміну якраз дастаткова, каб Гарадзенскай ды Менскай фабрыкам канчаткова зьнікнуць з айчыннага рынку.
XS
SM
MD
LG