Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗАКОН БЕЛАРУСІ АБ АХОВЕ ПОМНІКАЎ НЕ ВЫКОНВАЕЦЦА


Ганна Соусь, Менск

Пра гэта распавяла сёньня ў часе прэсавай канфэрэнцыі напярэдадні Міжнароднага дня аховы помнікаў намесьніца старшыні Таварыства аховы помнікаў Галіна Саўчанка.

Многія беларускія гістарычныя каштоўнасьці сёньня ў жахлівым стане ды патрабуюць неадкладнай рэстаўрацыі й кансэрвацыі. Паводле экспэртаў, лёс амаль разбураных Гальшанскага замку, Ружанскага палацу ды іншых аб’ектаў, якія некалі былі гонарам беларускай зямлі, — няпэўны.

Восем гадоў таму ў Беларусі быў прыняты Закон аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны. Але, як сьцьвярджае прадстаўніца Таварыства аховы помнікаў Галіна Саўчанка, гэты закон не выконваецца й вельмі часта парушаецца.

(Саўчанка: ) "Не выконваецца артыкул 21 гэтага закону. Павінны быць сьпісы помнікаў гісторыі й культуры, і кожныя два гады яны мусяць аднаўляцца.

І зараз ніхто ня ведае, колькі ў рэспубліцы помнікаў. У нас засталіся зьвесткі недзе на 1988 год. За гэты час вельмі шмат помнікаў зьнікла, на іхным месцы ёсьць навабуды...

Не выконваецца таксама артыкул 28, паводле якога ўвогуле забаронены знос помнікаў. Магчымыя зьмены помнікаў павінны адбывацца толькі з дазволу Савету міністраў. Але ж вы ведаеце нават па Менску, што зносы ёсьць, ёсьць навабуды. Зірнеце на Верхні горад…"

Паводле Галіны Саўчанкі, патрэбны новы Закон аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны.

Я запыталася ў старшыні Камітэту ў справе аховы гісторыка-культурнай спачыны Зьмітра Бубноўскага, ці распачнецца ўсё ж будаўніцтва шматпавярховай стаянкі на тэрыторыі Верхняга гораду, супраць чаго ўжо выказаліся ў адкрытым лісьце многія дзеячы культуры Беларусі. Спадар Бубноўскі назваў гэтую рэакцыю неадэкватнай.

(Бубноўскі: ) "На сёньняшні дзень работы не праводзяцца, ніхто нават да рабочага праектаваньня не прыступіў, ня тое што нейкія там дазволы на будаўніцтва. І нават зараз праектныя работы прыпынілі, таму што інвэстар ня вельмі ўжо і хоча такія складанасьці мець.

Верхні горад ды квартал, які да яго прымыкае, — абсалютна не забясьпечаныя месцамі для паркоўкі. А калі няма дастаткова зручных умоваў выкарыстаньня, то гэта вельмі непрывабна для інвэстыцыяў. А арганізаваць месца для паркоўкі ў нейкім іншым месцы, каб забясьпечыць Верхні горад — бяз зносу гістарычнай забудовы гэта немагчыма".

Якім чынам дзяржава клапоціцца пра гістарычныя каштоўнасьці? Як апошнім часам фінансуецца гэтая сфэра? Калі гэтая праца была найбольш прыярытэтнай? З гэтымі пытаньнямі я зьвярнулася да намесьніка старшыні Камітэту ў справе рэстаўрацыі й кансэрвацыі помнікаў Ігара Чарняўскага.

(Чарняўскі: ) "Калі мы перавядзем гэтыя лічбы ў базавыя цэны 1991 году, то ў сярэднім апошнія тры-чатыры гады фінансаваньне рэстаўрацыйнай дзейнасьці сродкамі рэспубліканскага бюджэту трымаецца на ўзроўні каля трох мільёнаў рублёў. Хаця быў пэрыяд (гэта быў 1993 год), калі гэтая сума ўзьнялася да 11 мільёнаў".
XS
SM
MD
LG