Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРА НОВУЮ КНІГУ АЛЕСЯ АДАМОВІЧА


Сяргей Дубавец, Вільня

Сэрца білася-білася і перастала. Лекары так і сказалі: у любы момант сэрца можа спыніцца. "Любы момант" цяпер і азначаў - жыцьцё. Ці ён усяго толькі імгненьне, ці месяц ці год - гэта ўсё адно "любы момант". Кожная хвіліна. Жыцьцё пасьля жыцьця. Час, адведзены на тое, каб яшчэ пасьпець стаць, адбыцца, давыказаць тое, што раней не давалася, дарабіць тое, што пасьля цябе не даробіць ніхто.

У Алеся Адамовіча "любы момант" расьцягнуўся ў часе ў асобны творчы пэрыяд, можа быць, самы ясны, а можа, і самы плённы. Усё, што перашкаджала раней звонку і ў сабе, адыйшло. Акурат разьвеялася вакол задушлівая атмасфэра савецкай цэнзуры, сьціхлі або ператварыліся ў пустое зьвяганьне некалі страшныя ідэалягічныя прысуды. Гэта за сьпінаю. А перад вачыма адкрылася брама вечнасьці. Каля яе думкі больш ня склейваюцца ў стылістычныя спайкі з эпікі, лірыкі ды публіцыстыкі, што так замінала колісь і за што папракала крытыка. Справядліва ці не - няважна. Важна што цяпер такое нагоды ў яе няма.

Сэрца зьлітавалася. "Любога моманту" хапіла на тры творы. Адамовіч дапісвае аповесьць "Вэнэра". Пачынае аповесьць "Vixi" - адразу прысуджаную быць незавершанай. Мудры такі расповед пра тых і тое, што згадваецца зь дзяцінства, нібы наўмысна нетаропкі і падрабязны. І недзе тут, у гэты самы пэрыяд, знаходзіцца час пачаць і закончыць яшчэ адну аповесьць - "Нямко", на маю думку, самы празаічны і з празаічных найбольш дароблены твор пісьменьніка.

Чытаю гэтыя тры аповесьці і нішто мне не паказвае на тое, што пісаліся яны ня сёньня. Таму й не бянтэжыць, што толькі сёньня яны зьбіраюцца пад адной вокладкай у кнігу, якая рыхтуецца ў выдавецтве "Наша Ніва". Размову пра гэтае выданьне я пачаў у мінулай перадачы. Сёньня - працяг.

Памежны стан, у якім напісаныя гэтыя творы, нагадвае пра іншае, далёкае, але з такім самым настроем складзенае чатырохрадкоўе:
Ў краіне сьветлай, дзе я ўміраю
у белым доме, ля сіняй бухты
я не самотны, я кнігу маю
з друкарні пана Марціна Кухты.

... Інтэрнэт паказаў, што ў Расеі Алеся Адамовіча пакрысе забываюць. На масавым, публічным узроўні. Ёсьць некалькі старых згадак пра "Мэмарыял", пра тое, як Сяргей Кавалёў з павагі да пісьменьніка ўзяў сабе мянушку Алесь. Ёсьць абоймы-сьпісы шасьцідзясятнікаў, найчасьцей тых, каго ўжо няма сярод жывых. Часам зьяўляецца ягонае прозьвішча ў зьвязку з гарбачоўскай перастройкай. Вось, па вялікім рахунку, і ўсё. Гісторыя, палітыка... Ніякай ўласна літаратурнай размовы няма.

Мне падумалася - а хто ён для іх, сёньняшніх? Пісьменьнік? Тады дзе ягоныя абароцістыя мэнэджэры, літагенты, спонсары ды куча іншае браціі, безь якой цяпер паэт у Расеі - меней чым паэт? Ягоныя крытыкі і знаўцы ў ім толку таксама даўно выйшлі з моды разам з тою эпохай. Ну хто цяпер сур'ёзна будзе чытаць пра ядзерную пагрозу? Праехалі.

Дзеля пэўнасьці зазірнуў яшчэ ў глябальную і ва ўсім дасьведчаную "Брытаніку". Няма там нашага Адамовіча ў артыкулах пра расейскую і савецкую ці постсавецкую літаратуру. Брытаніка на мой запыт адкрыла тэкст пра беларускае пісьменства, дзе шмат Алесяў, але іншых. Нават Толік Сыс там ёсьць, а Алеся Адамовіча няма. Чаму?..


(Цалкам тэкст перадачы зьмешчаны ў адпаведным разьдзеле сайту)

XS
SM
MD
LG