Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРА АРТЫКУЛ САКРАТА ЯНОВІЧА «РЭЗЭРВАЦЫЯ БЕЛАРУСЬ»


Юры Дракахруст, Прага

(Дракахруст: ) «Напрыканцы мінулага месяца ў польскай «Gazecie Wyborczej» быў надрукаваны артыкул «Рэзэрвацыя Беларусь» аднаго з нашых сёньняшніх суразмоўцаў Сакрата Яновіча. Гэтае эсэ ва ўрыўках было перададзенае щ нашым эфіры і перадрукаванае ў газэце «Наша свабода». Жорсткая і горкая публікацыя Сакрата Яновіча выклікала вялікі розгалас у Беларусі і ня столькі яго назіраньнямі, карцінкамі беларускага жыцьця, колькі высновамі.

Для тых, хто не знаёмы са зьместам эсэ, нагадаю гэтыя высновы: «Беларушчына выстаўленая ў разрад мёртвых моваў, непатрэбных у будзённым жыцьці», «на гэтай тэрыторыі не існуе паўнавартаснай тытульнай нацыі, а ёсьць толькі зьлепленае насельніцтва. Такі чалавечак (разнавіднасьць расейца) і не падазрае пра існаваньне вялікай уласнай нацыі, ніякага паняцьця аб гісторыі, мове культуры», ну і нарэшце, «Лукашэнка правіць дзесяцімільённым НІКІМ, стрававальнымі трактамі».

Гэтыя высновы асабліва крыўдныя, бо напісаныя не халодным староньнім назіральнікам, а чалавекам, які аддаў беларушчыне сваё жыцьцё. Але крыўдна-ня крыўдна, пытаньне пастаўленае ў жорсткай, хай крыху і палемічнай форме: ці існуюць беларусы як нацыя? Міхась, ці згодны Вы з высновамі сп-ра Яновіча?

(Залескі: ) “Не, ня згодны. Нацыя ёсьць. Больш таго скажу – з нашай нацыі няма эміграцыі, бо беларус возіць сваю нацыянальную сьвядомасьць у сабе. Іншая рэч, што яна ня зусім такая, як хацелася б тым людзям, якія далёка прасунуліся ва ўсьведамленьні ролі нацыі”.

(Яновіч: ) “Я разумею Вашае адчуваньне пакрыўджанасьці, мне самому гэта надта баліць, але я не хачу самога сябе ашукоўваць. Калі ёсьць беларуская нацыя, то чаму няма беларускіх школаў, чаму не чутно беларускай мовы на вуліцах, чаму мала чытаюць газэтаў на беларускай мове? Я гляджу на гэтыя 10 мільёнаў “жыватоў”, як на патэнцыйны матэрыял, зь якога можа атрымацца нацыя.

У асноўным нацыя, вядома, ёсьць, але як на яе глядзець: ці гэта нацыя 20% папуляцыі, ці гэта нацыя ўсёй папуляцыі? На мой погляд, нацыя беларуская ўсё яшчэ ствараецца. Гэта зойме шмат часу, але яна, вядома, будзе”.

(Дракахруст: ) “Вы адзначаеце адсутнасьць вельмі важнага, але не адзінага чыньніка, які вызначае нацыю. Мне падаецца, што існуюць доказы, прыклады таго, што паводзінам беларускага насельніцтва ў цэлым, у масе ўласьцівыя рысы, якія вызначаюць нацыю.

Напрыклад, за 10 гадоў беларусы здолелі стварыць усе неабходныя дзяржаўныя інстытуты. Пры ўсёй распаўсюджанасьці інтэграцыйных настрояў у Беларусі няма сэпаратысцкіх прарасейскіх памкненьняў. У Беларусі і раней не было, і зараз няма сур’ёзных канфліктаў паміж праваслаўнымі і каталікамі.

На мой погляд, усе гэтыя прыклады сьведчаць пра наяўнасьць сувязяў ўнутры гэтага насельніцтва, сувязяў, уласьцівых менавіта нацыі”.

(Яновіч: ) “Вы кажаце пра элемэнты нацыі. Усё гэта так, існуе Рэспубліка Беларусь, існуе эканамічная, псыхалягічная і мэнтальная спэцыфіка. Але цяперашняя дзяржаўнасьць – ці ёсьць яна вынікам намаганьняў нацыі, ці вынікам гістарычных акалічнасьцяў? Незалежнасьць цяперашнім беларусам “звалілася на галаву”.

Мне абрыдла ўжо чытаць і слухаць розныя ілюзіі. Час сказаць сабе праўду. Нам трэба адчайна глядзець праўдзе ў вочы. І толькі тады мы згуртуемся і пачнем рабіць нешта рэальнае. Калі мы будзем цешыцца тым, што існуюць пэўныя асяродкі, што ў Менску існуе Беларускі ліцэй, што існуе некалькі адсоткаў школаў з беларускай моваю навучаньня, то гэта несур’ёзна...”

(Цалкам тэкст перадачы зьмешчаны ў адпаведным разьдзеле сайту)

XS
SM
MD
LG