Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КГБ ДАГЭТУЛЬ НЯ МОЖА ЗАТРЫМАЦЬ ІЛЬЛЮ ГЛЫБОЎСКАГА


Альгерд Невяроўскі, Менск

Сёньня кіраўнікі Задзіночаньня беларускіх студэнтаў у часе прэсавай канфэрэнцыі далі ацэнку дзеяньням спэцслужбаў, якія на працягу двух прамінулых дзён перашкаджалі студэнтам праводзіць канфэрэнцыю. Гаворыць старшыня Задзіночаньня Крысьціна Сідун:

(Сідун: ) "Гэта яшчэ адно сьведчаньне таго, што няма ў нас дэмакратычнай улады й адсутнасьці нейкіх правілаў гульні, якія б улада сама выконвала й прызнавала. Мы не дазволім перашкаджаць нам працаваць".

Нагадаю, што больш за 10 супрацоўнікаў КГБ уварваліся позна ўвечары ў суботу ў будынак, дзе праходзіла міжнародная канфэрэнцыя, арганізаваная Задзіночаньнем беларускіх студэнтаў.

Прадстаўнікі спэцслужбаў пачалі правяраць дакумэнты ўдзельнікаў канфэрэнцыі. Як высьветлілася пазьней, шукалі яны пэўнага чалавека — сябра Моладзевага інфармацыйнага цэнтру Ільлю Глыбоўскага, на кватэры якога жыў дэпартаваны зь Беларусі чэскі журналіст, прадстаўнік гуманітарнай арганізацыі "Чалавек у нядолі" Міхал Плавец.

Некалькі гадзінаў правялі супрацоўнікі КГБ у фае Дому вэтэранаў, пільнуючы спадара Глыбоўскага. Яны таксама спрабавалі абшукаць усе пакоі будынку, але адміністрацыя не дазволіла ім гэтага зрабіць. Людзі ў цывільным таксама затрымалі некалькіх чалавек, падобных да Глыбоўскага, але ўбачыўшы, што гэта ня ён, адпусьцілі.

Вонкавае назіраньне спэцслужбаў за Домам вэтэранаў працягвалася і ўчора. Агенты КГБ таксама суправаджалі ўсе машыны, якімі замежныя ўдзельнікі канфэрэнцыі ад'яжджалі ў аэрапорт. Ільлю Глыбоўскага ім затрымаць так і не ўдалося. Гаворыць удзельнік канфэрэнцыі, прадстаўнік праваабарончага цэнтру "Вясна" Валянцін Стэфановіч:

(Стэфановіч: ) "Іх цікавіць гэты чалавек, таму што ў яго быў зарэгістраваны Міхал Плавец на кватэры. І я думаю, што яны хочуць задаць яму некалькі пытаньняў наконт Міхала Плаўца, паколькі афіцыйна абвешчана, і ў "Рэзанансе" вы гэта бачылі, што Міхал Плавец разгарнуў дзейнасьць нелегальнай арганізацыі.

Хаця я магу сказаць, што Міхал зьяўляўся прадстаўніком "People in Need" і ён тут быў адзін, ніякіх сяброў ён тут не вэрбаваў. Яны распачалі гэткі прэсынг — відаць, гэты год будзе вельмі цяжкі і для апазыцыі, і для трэцяга сэктару".

Прадстаўнікі ЗБС лічаць, што Ільлі Глыбоўскаму пагражае арышт і не выключаюць, што яму прыйдзецца прасіць палітычнага прытулку за мяжой. Паводле старшыні Задзіночаньня Крысьціны Сідун, неўзабаве яны зьвернуцца да міжнародных арганізацыяў з заклікам абараніць спадара Глыбоўскага.
XS
SM
MD
LG