Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В. НАВАДВОРСКАЯ: ТОЕ, ШТО АДБЫЛОСЯ З НТВ – ГЭТА ПУТЧ, ГКЧП, НЕ ХАПАЕ ТОЛЬКІ СТРЭЛУ АЎРОРЫ ПА 8-М ПАВЕРСЕ АСТАНКІНА


Вольга Караткевіч, Прага

У інтэрвію Радыё Свабода Яўген Кісялёў, прызначаны выканаўцам абавязкаў генэральнага дырэктара каналу ТВ-6, заявіў, што “Праект НТВ – гэта, па-сутнасьці, апэрацыя, у якой бяруць удзел спэцслужбы, праваахоўныя ворганы і сэрвільная прэса, дзяржаўныя СМІ і суды”.

International Herald Tribune ў артыкуле “Звольненыя ў Маскве тэлежурналісты наносяць удар у адказ” узгадвае падзеі суботняе раніцы, калі Газпрам сілай захапіў штабкватэру НТВ, што стала кульмінацыяй супрацьстаяньня. Газэта спасылаецца на Яўгена Кісялёва, які заявіў пра масавыя звальненьні журналістаў , а таксама словы Ўладзіміра Гусінскага, які адзначыў, што “само па сабе НТВ без журналістаў – гэта толькі назоў кампаніі”.

International Herald Tribune прыводзіць і словы новага кіраўніка НТВ Барыса Ёрдана, які абвінавачвае Ўладзіміра Гусінскага ў выкарыстаньні тэлеканала супраць яго палітычных ворагаў. “Зараз мы будзем мець свабоду слова”, - заявіў Ёрдан.

Газэта Washington Post, камэнтуе заявы Газпрама, што ён ня мерыцца ціснуць на журналістаў НТВ і за ім не стаіць Крэмаль. Washington Post прыводзіць ў якасьці адваротнага аргумэнту пагрозу Міністэрства прэсы ў бок НТВ прыцягнуць да адказнасьці за адкрытае апраўданьне тэрарызму. Маецца на ўвазе трансьляцыя ў сераду інтэрвію з адным зь лідэраў чачэнскіх паўстанцаў.

Ня ўсё адназнача са звальненьнем супрацоўнікаў 4-га тэлеканалу. Сёньня ў Астанкіна прыйшлі шматлікія журналісты і тэхнічныя работнікі НТВ, каб падаць заявы пра звальненьні. Аднак гэтыя заявы не былі прынятыя. Барыс Ёрдан і галоўны рэдактар НТВ Уладзімір Кулісьцікаў хочуць пагаварыць з кожным, хто жадае сысьці, пэрсанальна.

Сайт 4-га каналу – НТВ.ру апублікаваў прыблізны сьпіс супрацоўнікаў НТВ, якія не захацелі працаваць з камандай Барыса Ёрдана.

У інфармацыйных паведамленьнях пра сытуацыю на НТВ, актыўна камэнтаваўся сыход Тацяны Мітковай і Леаніда Парфёнава. Сёньня радыёстанцыя “Эхо Москвы” паведамляе, што, магчыма, Тацяна Міткова стане галоўным рэдактарам НТВ новага складу. Уладзімір Кулісьцікаў, які цяпер на гэтай пасадзе, заявіў, што, калі калегі абяруць Міткову галоўным рэдактарам, ён гэта толькі павітае. На гэты момант Міткова каардынуе работу інфармацыйнай службы каналу.

У часе супрацьстаяньня паўстала пытаньне канкуроўнасьці НТВ новага складу і прадукцыі каманды Кісялёва на канале ТВ-6.

У інтэрвію Свабодзе, гаворачы пра тое, якія перадачы будуць ісьці на канале ТВ-6, Яўген Кісялёў назваў Ітогі, усе выпускі навінаў, начныя навіны Уладзіміра Кара-Мурзы, перадачу Віктара Шэндэровіча Ітого, Глас народа Сьвятланы Сарокінай ды іншыя. Аднак, заснавальнік каналу ТВ-6 Эдуард Сагалаеў ў інтэрвію Інтэрфаксу адзначыў, што інфармацыя пра прызначэньне Яўгена Кісялёва кіраўніком каналу, выклікае складаныя пачуцьці ў калектыве, маюцца на ўвазе словы Кісялёва, што ён зьбіраецца пабудаваць новы дом ад пачатку”.

“Далейшы лёс калектыву журналістаў, якія звольніліся з НТВ, наўпрост залежыць ад рэакцыі гледачоў і ўцэлым расейскага грамадзтва на тое, што адбываецца на тэлеканале, так у інтэрвію “Новай газэце” заявіў адзін са стваральнікаў НТВ, кіраўнік холдынгу Мэдыя-Мост Уладзімір Гусінскі.

Самі журналісты НТВ гавораць пра тое, што канфлікт вакол тэлекампаніі праілюстраваў небясьпеку залежнасьці ад улады ці алігархаў. Вядучы перадачы “Ітого” Віктар Шэндэровіч, адзначыў, сытуацыя з НТВ прымусіла журналістаў зразумець, што трэба ствараць чыста інфармацыйнае тэлебачаньне, без палітычных гульняў: “Нельга браць грошы ва ўлады. Улады і алігархі так ставяць пытаньне – я дзяўчыну харчую я яе і танцу. Але ў нас зараз няма сярэдняй клясы, якая плаціла б за праўду”. Канец цытаты.

Француская газэта Le Mond цытуе выказваньне праваабаронца Сяргея Кавалёва, які пад час наведваньня каналу ТНТ, што трансьляваў выпускі навінаў бунтоўнай каманды НТВ, заявіў: “У нас ёсьць вэртыкаль улады, паслухмяны парлямэнт, цяпер у Крамля яшчэ й паслухмянае тэлебачаньне, вось сапраўдны твар дэмакратыі, якой кіруе Ўладзімір Пуцін”.

Расейскія палітыкі працягваюць рэагаваць на канфлікт вакол НТВ. У прыватнасьці, у інтэрвію радыёстанцыі “Эхо Масквы” лідэр партыі “Дэмакратычны Саюз” Валерыя Навадворская заявіла, - цытую “тое, што адбылося з НТВ – гэта путч,ГКЧП, не хапае толькі стрэла Аўроры па восьмым паверсе. Саюз правых сілаў Расеі і Яблака мерацца падняць пытаньне пра НТВ на Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG