Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КІРАЎНІЦТВА АГП ДАСЛАЛА ЛУКАШЭНКУ ЛІСТ СА ЗГОДАЙ ЕХАЦЬ РАЗАМ ЗЬ ІМ У ЗАРАЖАНЫЯ РАЁНЫ


Ігар Карней, Менск

У сваім лісьце да Аляксандра Лукашэнкі Анатоль Лябедзька ды Аляксандар Дабравольскі разглядаюць Лукашэнкаву ініцыятыву "як першую сур’ёзную прапанову, накіраваную на стварэньне клімату даверу ў грамадзтве". Але шанцаў на ўзаемнасьць, на думку кіраўнікоў партыі, па-ранейшаму няшмат. Вось што паведаміў намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандар Дабравольскі:

(Карэспандэнт: ) "Ці спадзеяцеся вы на адпаведную рэакцыю з адміністрацыі Лукашэнкі на ваш ліст?"

(Дабравольскі: ) "Мы думаем, што, напэўна, адказу ня будзе: на усё, што заяўляе Лукашэнка, ён адказу не чакае; гэта яму нецікава. Але мы не хацелі б, каб уся гэтая "эквілібрыстыка" выкарыстоўвалася ў адным напрамку. Няхай людзі ведаюць: мы таксама пра гэта думаем, і ня меней за яго. І калі ёсьць магчымасьць, то мы гатовыя ўдзельнічаць у такой паездцы.

Да таго ж, у нас дастаткова людзей, якія займаюцца чарнобыльскімі пытаньнямі, маюць прапановы й разумеюць, што трэба рабіць. Праблема толькі ў тым, што сёньняшняй дзяржаўнай уладзе не патрэбныя ні гэтыя людзі, ні іхныя прапановы".

(Карэспандэнт: ) "Можа, такім чынам улады спрабуюць абяскровіць уласна Чарнобыльскі шлях — у выпадку, калі кіраўнікі апазыцыйных партыяў сапраўды зьедуць зь Менску?"

(Дабравольскі: ) "Рэч у тым, што абяскровіць Чарнобыльскі шлях немагчыма. Вельмі шмат людзей прыйдуць, незалежна ад таго, ці будзе тут хтосьці з кіраўнікоў партыяў. Калі Лукашэнка нават так мяркуе — гэтак не адбудзецца".

Рэакцыі на прапанову Аляксандра Лукашэнкі з боку іншых апазыцыйных партыяў пакуль няма. Большасьць зь іх ня мае намеру прывязваць свае паездкі ў Чарнобыльскую зону да графіку падарожжаў Лукашэнкі.

У дачыньнеьні ж да прадстаўнікоў дыпляматычных місіяў, то са сваімі прапановамі Аляксандар Лукашэнка спазьніўся: шэраг амбасадараў у складзе Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ ўжо наведалі чарнобыльскія рэгіёны некалькі тыдняў таму.
XS
SM
MD
LG