Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІХАЛ ПЛАВЕЦ: МОЖА БЕЛАРУСЬ ДАЧАКАЕЦЦА ЛЕПШЫХ ЧАСОЎ І ЗАБАРОНА МАЙГО ЎЕЗДУ СТАНЕ НЕАКТУАЛЬНАЙ


Алена Ціхановіч, Прага

(Карэспандэнт: ) “Міхал, Вы пражылі ў Менску каля году. Што вас прывяло ў Беларусь?”

(Плавец: ) “Туды мяне прывяла цікавасьць да таго, што адбываецца ў Беларусі – краіне, якая лічыцца адной з апошніх дыктатур у Эўропе. Гэта, мяркую, мусіла б выклікаць увагу усіх людзей, асабліва ў час, калі Эўропа аб’ядноўваецца, пры тым, што сучасныя беларускія ўлады ад гэтага накірунку ўхіляюцца”.

(Карэспандэнт: ) “Як Вы можаце падсумаваць свае ўражаньні ад Менску, ад беларусаў?”

(Плавец: ) “Мэнталітэт беларусаў мне вельмі падабаецца, пазнаёміўся там зь вельмі добрымі людзьмі. З другога боку, вядома, там ёсьць і тыя, што паслугуе рэжыму, зь кім немагчыма разумна гаварыць”.

(Карэспандэнт: ) “Ці адчувалі Вы, што Вашае знаходжаньне ў Менску, Вашыя кантакты – пад наглядам КГБ?”

(Плавец: ) “Вядома. Я ня той наіўны амэрыканец, які думае, што ў гэтай краіне нічога такога не існуе. Ведаў пра тое, што я пад наглядам, ведаў і пра іншыя рэчы, і адпаведна гэтаму сябе паводзіў”.

(Карэспандэнт: ) “Ці было для Вас нечаканым само затрыманьне і тое, што Вас так тэрмінова выслалі?”

(Плавец: ) “Я чакаў гэтага. Але не чакаў таго, што буду высланы так тэрмінова, думаў, што буду нейкі час зьняволены для правядзеньня сьледзтва, што мяне будуць дапытваць. Гэтага не адбылося, быў высланы за адзін дзень. З другога боку, мушу адзначыць, што з пачатку затрыманьня паводзіны тых людзей, якія мяне затрымлівалі, былі карэктнымі”.

(Карэспандэнт: ) “А калі Вы апынуліся за тоўстымі мурамі галоўнага будынку КГБ, што вы адчувалі?”

(Плавец: ) “Так, я быў у сьледчым пакоі на вуліцы Камсамольскай 28, калі не памыляюся. Гэта, як вядома, штаб беларускага КГБ. Што я адчуваў? Не скажу, што быў бы нечым зьдіўлены. Гэта рызыка, якую я прыняў, калі ехаў у Беларусь. Гэта мая праца”.

(Карэспандэнт: ) “Як выглядала сама высылка?”

(Плавец: ) “Я быў эскартаваны пад кантролем і ў прысутнасьці ўсюдыіснай камэры беларускага тэлебачаньня. Быў прывезены ў аэрапорт Менск-2, там мяне завялі у кабінэт, як мяркую, нейкага падпалкоўніка памежных войскаў, увесь час са мной былі тры чалавекі з КГБ, якія мяне сьцераглі. Потым пасадзілі ў самалёт, ён падняўся без асаблівых цяжкасьцяў і прызямліўся ў Варшаве. Там я сустрэўся зь некаторымі маімі знаёмымі, а вечарам цягніком паехаў у Прагу”.

(Карэспандэнт: ) “Ці была ў Вас магчымасьць падчас затрыманьня скантактавацца з вашымі блізкімі, з чэскім прадстаўніцтвам?”

(Плавец: ) “Яны хацелі, каб я спачатку падпісаў дакумэнты. Але я гэтага не зрабіў, таму што, як я патлумачыў, я не разьбіраюся ў беларускіх законах і хачу зьвязацца з адвакатам. Але такой магчымасьці не было. Нарэшце, калі мяне перавезьлі ў цэнтральную будову КГБ, то мне далі магчымасьць сустрэцца з чэскім дыпляматычным прадстаўніком у Менску”.

(Карэспандэнт: ) “У афіцыйным прэс-рэлізе беларускага КГБ паведамлялася, што Вы парушылі рэжым пражываньня замежнікаў, што Вы былі зарэгістраваны па адным адрасе, а жылі па другім. Гэта так?”

(Плавец: ) “Так, я прыехаў на запрашэньне і зарэгістраваўся паводле гэтага запрашэньня. Потым я пераехаў у іншую кватэру і ня ведаў, што тым самым парушаю беларускія законы”.

(Карэспандэнт: ) “Вы дапускаеце, што гэта адзіная рэальная прычына Вашай высылкі?”

(Плавец: ) “Вядома, я афіцыйным заявам ня веру. Мяркую, што ўсё гэта зьвязанае з набліжэньнем прэзыдэнцкіх выбараў, што гэта ёсьць элемэнтам ціску на людзей, няўгодных рэжыму”.

(Карэспандэнт: ) “У выніку усяго гэтага здарэньня Вам на працягу пяці гадоў забаронены ўезд у Беларусь. Ці шкадуеце Вы аб гэтым?”

(Плавец: ) “Ведаеце, можа што заўгодна адбыцца. Можа, гэтая забарона і ня будзе на пяць гадоў, і Беларусь усё ж дачакаецца лепшых часоў”.

Нагадаю, так мяркуе чэскі журналіст Міхал Плавец, высланы ўчора зь Беларусі. Сёньня адразу пасьля гэтай размовы Міхал накіраваўся на чэскае радыё, куды яго запрасілі для дзвюхгадзіннага жывога эфіру. Такім чынам, чым больш беларускія ўлады хочуць закрыць краіну ад міжнароднай увагі, тым большы розгалас беларуская сытуацыя набывае ў сьвеце.
XS
SM
MD
LG