Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

НОВАЯ БЕЛАРУСКАЯ ПРАГРАМА Ў ЛІТОЎСКІМ РАДЫЁЭФІРЫ


Юрась Барысевіч, Менск

У Доме дружбы прайшоў экумэнічны канцэрт велікоднае музыкі. Моладзевы хор Konsonans Польскага навуковага таварыства выканаў велікодныя сьпевы ў шасьці мовах — лацінскай, польскай, беларускай, ангельскай, расейскай і царкоўнаславянскай. У канцэртнай праграме прагучалі тры песьні, якія напісала журналістка газэты “Наша Ніва” Юлія Андрэева.

Літоўская кампанія Pukas заснавала новую мультыкультурную радыёстанцыю Pukas+, якая мае намер вяшчаць на мовах усіх нацыянальных мяншыняў Літвы. Двойчы на тыдзень будзе выходзіць і праграма пра беларускую музыку. Назва праграмы — “Бульба Хіт”.

У Музэі сучаснага выяўленчага мастацтва адчынілася выстава лялек і дэкарацыяў віцебскага тэатру “Лялька”, у тым ліку — да спэктакля “Ладзьдзя роспачы” паводле Ўладзімера Караткевіча. Беларускі Фонд Культуры ўзнагародзіў аўтара лялек Аляксандра Сідарава прэміяй за выбітны ўнёсак у беларускую сцэнаграфію.

Беларускі калегіюм наладзіў прэзэнтацыю выдавецкіх праектаў магілёўскага клюбу інтэлектуалаў “Брама”. Сярод выданьняў “Брамы” — сэрыі кніг і альманахаў Albarutenika — Polonika — Lituanika, “Новыя гуманітарныя веды”, Terra Alba. У бліжэйшы час маюць выйсьці манаграфія Юрася Бохана “Ўзбраеньне войска ВКЛ” і кніга Homo Venerius пра сэксуальнае жыцьцё нашых продкаў. Фундатарам выданьня пагадзілася быць фабрыка жаночае бялізны “Мілавіца”.

Вытворчае аб’яднаньне “Белвідэацэнтр” наладзіла “круглы стол” па выніках працы аб’яднаньня за апошні год. Перавод “Белвідэацэнтра” на гаспадарчы разьлік дазволіў зьменшыць ідэалягічны кантроль з боку Міністэрства культуры й ажно ў 5 разоў павялічыць выпуск фільмаў. Сярод 50 стужак мінулага году — цыклі “Эўропа — агульная спадчына”, “Сьвятыні беларускай зямлі”, “Беларусь на крыжы стагодзьдзяў”. Кіраўнік “Белвідэацэнтру” Віктар Шавялевіч выказаў шкадаваньне, што дзяржаўнае тэлебачаньне адмаўляецца паказваць гэтыя фільмы, а калі паказвае — дык толькі раніцай.

У Нацыянальным музэі гісторыі і культуры праходзіць выстава Веткаўскага музэя народнае творчасьці. Выставу складаюць экспанаты, сабраныя падчас этнаграфічных экспэдыцыяў уздоўж ракі Бесядзі: вырабы ткацтва, здымкі старадаўніх гарадзішчаў і паганскіх абрадаў, што дажылі да нашага часу. Напрыклад, каб выклікаць дождж у сьпёку, сяляне накрыж барануюць скрыжаваньні дарог, прычым барану павінен цягаць ня трактар, а тройка жанчынаў.
XS
SM
MD
LG