Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ЗАВЯДУЦЬ ГЭТЫЯ ЛЁКАІ З ТЭЛЕБАЧАНЬНЯ І РАДЫЁ ЛУКАШЭНКУ ПАД МАНАСТЫР…” ДЫ ІНШАЕ


Лісты слухачоў чытае і камэнтуе Валянцін Жданко.

Звычайна лічыцца, што вёска ў сваёй большасьці падтрымлівае палітыку сёньняшняй улады. Але многія лісты апошняга часу, якія дасылаюць нам слухачы з глыбінных беларускіх вёсак і мястэчак, сьведчаць пра тое, што стэрэатып гэты не зусім дакладны і што настроі ў вёсцы зьменлівыя і супярэчлівыя.

Залежыць гэта найперш ад зьменаў самога вясковага жыцьця. А зьмяняецца яно апошнія гады імкліва й істотна. Вось якую гісторыю ўласнага жыцьця распавёў Пётар Лявіцкі зь вёскі Грумбінянты Мядзельскага раёну Менскай вобласьці. Ён піша:

“Я ўжо тры гады беспрацоўны. Паўгода атрымліваю аж два мінімальныя заробкі дапамогі. Каб ня маці-пэнсіянэрка, то хоць памірай з голаду, альбо ідзі жабраваць. Бо новыя працоўныя месцы нідзе не ствараюцца. А ў дабіты да ручкі калгас, дзе трэба працаваць амаль задарма, няхай ідуць сыны Лукашэнкі, Мясьніковіча ды Замяталіна.

Некалькі гадоў я працаваў кіроўцам аўтобуса. Страціў працу з прычыны стану здароўя, але групу інваліднасьці мне не далі — бо за гэта трэба даваць хабар дактарам.

І жыві як хочаш. Маўляў, бяры зямлю, якую няма чым абрабляць. Мне няма чаго губляць, бо ня бачу ніякіх пэрспэктываў знайсьці працу, каб жыць больш-менш прыстойна”.

Такое існаваньне паступова схіліла Пятра Лявіцкага да думкі, што без уласнай грамадзкай актыўнасьці жыцьцё да лепшага ня зьменіш. Працягваю цытаваць ягоны ліст:

“Каб у мяне былі сродкі прыехаць у Менск, то з ахвотай удзельнічаў бы ў масавых акцыях — як, напрыклад, 25 Сакавіка, якія праводзяць Аб’яднаная грамадзянская партыя, Беларускі Народны Фронт.

Мне асабіста вельмі імпануе такі лідэр апазыцыі як спадар Лябедзька. Вось бы такога чалавека ў прэзыдэнты. Колькі добрых справаў зрабіў ён сваім землякам, калі быў дэпутатам Вярхоўнага Савету ад Ашмянаў. Толькі добрыя словы пачуеш пра яго ў Ашмянах.

Але ж ведама — расейскія ды беларускія спэцслужбы, маючы такую прапагандысцкую дубіну як Беларускае тэлебачаньне, са скуры вылезуць — будуць паліваць брудам і хлусьнёй любога, хто адважыцца кінуць выклік Лукашэнку, хто захоча павесьці Беларусь у Эўропу, а не ў галодную азіяцкую Расею.

Апірышча Лукашэнкі — састарэлыя людзі, якія радуюцца дробным падачкам, як малыя. І вельмі цяжка пераканаць іх у відавочным — што жывем мы з году ў год усё горш, што думаць трэба ня толькі пра сябе, але й пра тое, як жыць маладому пакаленьню.

Часам думаю: навошта Лукашэнку яшчэ адны выбары? Дастаткова прадаць Іраку колькі дзясяткаў танкаў, падкінуць пэнсіянэрам капеек да мізэрнай пэнсіі — і зноў можна рэфэрэндумам прыбавіць сабе яшчэ пяць гадоў улады.

Вельмі цяжка ад такіх думак. Ужо сем гадоў — адны абяцаньні, адна дэмагогія, пошук вінаватых, расправа зь іншадумцамі. Хочацца ўдзельнічаць у чым толькі можна, каб хутчэй збавіцца ад ненавіснага рэжыму. Нават зьбіраюся ў Менску ўчыніць акцыю самаспальваньня”, — напісаў Пётар Лявіцкі зь вёскі Грумбінянты Мядзельскага раёну.

Хочацца засьцерагчы вас, Пётар, ад пасьпешлівых і неабдуманых учынкаў. У падобнай да вашай сытуацыі — тысячы людзей. Вы зусім лягічна і цьвяроза разважаеце наконт прычынаў такога стану. І зьмяніць яго здольныя толькі вы й такія, як вы. Дзеля гэтага, відавочна, патрэбныя ня жэсты адчаю, а праца — удумлівая й пасьлядоўная.

Іван Касьцюк са Жлобіну Гомельскай вобласьці стаў сьведкам таго, як улада рыхтуе так званы Ўсебеларускі сход. Слухач дзеліцца такімі сваімі назіраньнямі:

“Бачыў, як у нас вылучаюць “дэлегатаў” на гэты сход. Ніякіх выбараў і блізка няма. З райвыканкаму называюць прозьвішчы — а на заводзе павінны прагаласаваць адкрытым галасаваньнем. І тое — гэта яшчэ не дэлегаты, а толькі “прадстаўнікі”, якія на нейкім абласным сходзе зноў жа будуць адкрыта галасаваць за тых, каго назавуць вэртыкальнікі. Ясна, хто пры такіх “выбарах” паедзе ў Менск на той сход.

Напэўна, Лукашэнка хоча перад выбарамі авацыяў. Што ж, няхай наслухаецца. Відаць, яму вельмі карціць паўтарыць тое, што было ў 1996-м годзе, перад рэфэрэндумам. Але снарад двойчы ў адну варонку не трапляе.

Людзі сёньня іншыя, чым пяць год таму. Мяркую па сваіх калегах і знаёмых. Над гэтым “Усебеларускім сходам” адкрыта насьміхаюцца, усе ўсё выдатна разумеюць. “Сход” гэты працуе не на Лукашэнку, а супраць яго. І рана ці позна ён вымушаны будзе з гэтым сутыкнуцца. Галасаваць-то на выбарах будуць ня толькі прыкормленыя ім “дэлегаты”, а ўвесь народ”, — напісаў Іван Касьцюк са Жлобіну.

Цалкам слушныя развагі, спадар Іван. Але варта мець на ўвазе: справа ня толькі ў тым, што людзі прыйдуць на выбары і прагаласуюць так, як лічаць патрэбным, а ня так, як пастановіць “Усебеларускі сход”. Галоўнае — ці будуць правільна палічаныя гэтыя галасы, увогуле — ці будуць выбары вольныя і справядлівыя.

Ліст ад настаўніцы Ганны Мачульскай з Горадні. Спадарыня Ганна — наша сталая слухачка, хоць часта нязгодная з крытыкай Лукашэнкі, якая гучыць на нашых хвалях. І вось чаму. Яна піша:

“Лукашэнка ня даў розным Пупейкам, Чыгірам ды Віньнікавым раскрасьці ды “прыхватызаваць” Беларусь — за гэта яго цяпер ваша апазыцыя і б’е.

Ня дай нам Бог такога дзікага капіталізму, як у Расеі, дзе з аднаго боку — алігархі ды прадажныя чыноўнікі на ўласных самалётах ды яхтах, а з другога — жабракі-настаўнікі ды ўрачы, у якіх не хапае грошай нават на хлеб з малаком.

Лукашэнку я не ідэалізую — былі памылкі і ў яго. Ня варта было так лезьці ў абдымкі да бандыцкай Расеі ды сварыцца з Захадам. Будавалі б сабе спакойна нармалёвы дзяржаўны капіталізм, ня лезучы напралом ні на Ўсход, ні на Захад — толку было б болей. Бо лепей за ўсё падтакваць і тым, і другім, а рабіць усё па-свойму. Тады б з Захаду мелі інвэстыцыі, а з Усходу — танныя нафту і газ. І жылі б прыпяваючы.

Але ў любым выпадку Лукашэнка зьбярог грамадзтва ад дзікага расслаеньня на багацеяў і беднякоў. Вам на Свабодзе варта было б мець гэта на ўвазе і ня верыць безаглядна кожнаму слову Чыгіра ды Віньнікавай.

Свабоду я слухаю, і апошнім часам усё больш. Яшчэ адна памылка Лукашэнкі — тое, што пасадзіў кіраваць тэлебачаньнем і радыё абмежаваных і непрафэсійных чыноўнікаў. Глядзець такое тэлебачаньне фактычна немагчыма. Гэта нейкі агітпроп, а не навіны. Завядуць гэтыя лёкаі Лукашэнку пад манастыр..."

(Цалкам тэкст перадачы зьмешчаны ў адпаведным разьдзеле сайту)
XS
SM
MD
LG