Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІ КГБ ДЭПАРТАВАЎ ЧЭСКАГА ЖУРНАЛІСТА


Юры Сьвірко, Менск

Толькі ўчора старшыня КГБ Беларусі Леанід Ерын сказаў мне, што неўзабаве, цягам месяца-двух-трох, усе пачуюць пра дэпартацыі, бо надыходзіць час палітычнай мэтазгоднасьці. І ўжо сёньня КГБ затрымаў у Менску грамадзяніна Чэхіі Міхала Плавеца, карэспандэнта чэскага часопіса “Рэспэкт”. У Цэнтры інфармацыі ды грамадзкіх сувязяў Камітэту зачыталі прэсавы рэліз з гэтай нагоды:

(Супрацоўнік КГБ: ) "13 красавіка ў Менску быў затрыманы ды прымусова выдвараны за межы Рэспублікі Беларусь грамадзянін Чэскае Рэспублікі Плавец Міхал.

(І вось – самыя апошнія навіны датычна дэпартаванага чэшскага журналіста. Спадар Плавец быў дастаўлены пад аховай супрацоўнікаў КГБ у аэрапорт Менск-2, дзе яму прапанавалі купіць квіток на бліжэйшы рэйс да Варшавы. Грошай у журналіста пры сабе не было, і афіцэрам КГБ давялося заплаціць за квіток. Цяпер Міхал Плавец ужо знаходзіцца ў польскай сталіцы і заўтра павінен прыехаць у Прагу.)

Плавец прыбыў у Рэспубліку Беларусь у верасьні 2000 году на запрашэньне грамадзкага аб'яднаньня "Моладзевы інфармацыйны цэнтар" для абмеркаваньня пытаньняў супрацоўніцтва. Як устаноўлена, дзейнасьць Плавеца, якую ён праводзіў, фактычна не адпавядае той, што была заяўленая ім пры ўезьдзе ў краіну.

У парушэньне дзейнага заканадаўства, без рэгістрацыі ў Міністэрстве замежных справаў Плавец арганізаваў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь працу замежнай арганізацыі, неаднаразова ўдзельнічаў у несанкцыянаваных масавых акцыях, якія суправаджаліся парушэньнямі грамадзкага парадку".

Прэсавы рэліз КГБ таксама паведамляе, што "за грубыя парушэньні правілаў знаходжаньня замежных грамадзянаў" органы ўнутраных справаў прыцягнулі спадара Плавеца да адміністрацыйнай адказнасьці. Ягоная віза на ўезд і дазвол на часовае пражываньне скасаваныя, яму забаранілі ўезд у Беларусь на 5 гадоў.

Па камэнтар я зьвярнуўся да часовага паверанага ў справах Чэхіі ў Беларусі Алеша Фойціка, якога раніцай запрасілі ў КГБ ды паведамілі, што Міхал Плавец парушыў пашпартна-візавы рэжым і менавіта на гэтай падставе будзе выдвараны.

(Карэспандэнт: ) "Спадар Плавец будзе дэпартаваны. Як Вы можаце гэта пракамэнтаваць?"

(Фойцік: ) "Як можна пракамэнтаваць… Дастаткова цяжка. Я яшчэ ня маю дакумэнтаў. Я прачытаў законы, якія ёсьць тут, што датычаць рэгістрацыі, — такіх проста ў Эўропе няма, іншага я да гэтага не магу дадаць. І на падставе іх ён быў выдвараны".

(Карэспандэнт: ) "Ён ужо выдвараны? Ці знаходзіцца на тэрыторыі чэскае амбасады?"

(Фойцік: ) "Не, не, не. Ён у КГБ".

(Карэспандэнт: ) "Унутры КГБ?"

(Фойцік: ) "Так, я там быў, я зь ім гаварыў. Ён ужо зьяжджае. Гэта проста час — ён афіцыйна затрыманы ды пад канвоем будзе дастаўлены ў Польшчу".

(Карэспандэнт: ) "Ці бачыце Вы тут палітычны аспэкт?"

(Фойцік: ) "Гэтага, па-мойму ня трэба камэнтаваць. Проста на падставе законаў, якія дзейнічаюць у Беларусі, знайшлася нагода, каб яго выдварыць — усё".

(Карэспандэнт: ) "Ці пазбавілі спачатку спадара Плавеца журналісцкае акрэдытацыі пры МЗС?"

(Фойцік: ) "Картку для прэсы ён яшчэ мае — што ён акрэдытаваны як прэса ад часопіса “Рэспэкт” ды акрэдытаваны да 28 красавіка".

(Карэспандэнт: ) "Наколькі гэта рэспэктабэльны часопіс у Чэхіі?"

(Фойцік: ) "Вельмі. Вельмі сур’ёзны, я б сказаў, вельмі рэспэктабэльны. Яго лічаць сур’ёзным, надаюць яму такую ўвагу. Гэта не як звычайная газэта, гэта штотыднёвік. Калі параўноўваць зь беларускімі, гэта як “Дело”, нешта такое. Але гэта не эканамічны часопіс, а агульнаінфармацыйны, вельмі сур’ёзны. “Рэспэкт” мае рэспэкт, так бы мовіць", — зазначыў Алеш Фойцік, часовы павераны ў справах Чэхіі ў Беларусі.

Як паведаміў прэсавы сакратар беларускага Міністэрства замежных справаў Павал Латушка, сёньня камісія МЗС у справах акрэдытацыі вырашыла пазбавіць спадара Плавеца часовае акрэдытацыі.

(І вось – самыя апошнія навіны датычна дэпартаванага чэшскага журналіста. Спадар Плавец быў дастаўлены пад аховай супрацоўнікаў КГБ у аэрапорт Менск-2, дзе яму прапанавалі купіць квіток на бліжэйшы рэйс да Варшавы. Грошай у журналіста пры сабе не было, і афіцэрам КГБ давялося заплаціць за квіток. Цяпер Міхал Плавец ужо знаходзіцца ў польскай сталіцы і заўтра павінен прыехаць у Прагу.)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG