Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ПРЭЗЭНТАЦЫЯ КРДС ДЛЯ ЗАМЕЖНЫХ ДЫПЛЯМАТАЎ АДБЫЛАСЯ, НЕГЛЕДЗЯЧЫ НА ХІТРЫКІ ЎЛАДАЎ


Віталь Цыганкоў, Менск

Галоўная мэта сёньняшняй сустрэчы — даць магчымасьць акрэдытаваным у Беларусі дыпляматам атрымаць інфармацыю пра дзейнасьць Каардынацыйнай рады зь першых рук.

Раду прадстаўлялі Анатоль Лябедзька, кіраўнік Аб'яднанай грамадзянскай партыі (яна зараз старшынюе ў Радзе), лідэрка партыі "Надзея" Валянціна Палевікова, намесьнік старшыні БНФ Вячаслаў Сіўчык і Павал Данейка, кіраўнік рабочай групы ў справе стварэньня праграмы пазытыўных пераменаў.

Улады паспрабавалі сарваць прэзэнтацыю Аб'яднанай кааліцыі, якая была прызначаная на 11 гадзінаў. Нечакана менавіта ў гэты час МЗС Беларусі вырашыла арганізаваць сустрэчу дыпляматаў з кіраўніком Дэпартамэнту гуманітарнай дапамогі.

Гаворыць Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) "Улады разаслалі адмысловую ноту, дзе запрашалі прадстаўнікоў амбасадаў а 15-й гадзіне на сустрэчу з нагоды прыняцьця дэкрэту №8. Але даведаўшыся, што КРДС ініцыюе правядзеньне брыфінгу, тэрмінова ўчора час правядзеньня гэтай перанесьлі на 11.30.

Тым ня менш, прадстаўнікі амбасадаў і міжнародных прадстаўніцтваў прыйшлі, і я думаю, што першы досьвед будзе даволі цікавы й карысны. Сёньня былі розныя пытаньні — і пра дзейнасьць КРДС, таксама мы вырашалі дыскусійныя праблемы, напрыклад, узаемадзеяньне зь місіяй КНГ АБСЭ".

Размова сапраўды была даволі шчырая. "Ці рыхтуецца сумесная заява патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта? Што будзе рабіць апазыцыя, калі яе прадстаўнікоў не прапусьцяць у выбарчыя камісіі? Якую падтрымку мае Ўладзімер Ганчарык сярод шараговых сяброў прафэсійных саюзаў?" — гэта толькі некаторыя пытаньні, якія задавалі прадстаўнікі дыпляматычнага корпусу. Ці ня самым актыўным зь іх быў палітычны дарадца КНГ АБСЭ Эндру Карпэнтэр.

Што да дыскусіі, якая ўзьнікла паміж Радай і КНГ, прадстаўнікі Каардынацыйнай рады яшчэ раз падкрэсьлілі, што ніколі не разглядалі й ня ставілі пытаньня пра байкот прэзыдэнцкіх выбараў.
XS
SM
MD
LG