Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЛАДЫ Ў МАГІЛЁВЕ САМІ ВЫЗНАЧАЮЦЬ, КАГО АБРАЦЬ НА “ЎСЕБЕЛАРУСКІ СХОД”


Аляксандар Сердзюкоў, Магілёў

На канфэрэнцыі адкрытага будаўнічага трэста №12 нават не паставілі на галасаваньне ніводнай кандыдатуры рабочых. У той жа час адміністрацыя раней атрымала пратаколы сходаў калектываў управаў прадпрыемства.

Напрыканцы сакаваіка насуперак патрабаваньням уладаў больш як 100 рабочых вылучылі дэлегатам на так званы ўсебеларускі народны сход прадстаўніка Свабоднага прафсаюза трэста. Яго лідэр і патэнцыйны дэлегат лічыць патрэбным вылучаць больш прынцыповых і незалежных для ўлады людзей, каб пазьбегнуць незаконнга захопу ўлады.

Але канфэрэнцыя па вылучэньні праходзіла паводле сцэнару ўладаў. Слова Паўлоўскаму так і не далі.Такім чынам, была праігнараваная воля працоўных калектываў управаў, у тым ліку і той, якая прапанавала вылучыць дэлегатам на ўсебеларускі сход Аляксея Паўлоўскага. Адміністрацыя рэкамэндавала свайго кандыдата, былога брыгадзіра, а цяпер пэнсіянэра, 70-гадовага Аляксандра Старавойтава. На гэтым сходзе інтарэсы калектыву будуць прадстаўляць супрацоўнікі адміністрацыі трэста і сакратарака ягонага генэральнага дырэктара. Рабочых там ня будзе.

Старшыня абласнога аргкамітэту па правядзеньні так званага ўсебеларускага народнага сходу Анатоль Глаз падтрымаў выбар канфэрэнцыі і адзначыў, што такія людзі маюць права казаць ад імя ўсяго беларускага народу.

Так ня лічаць 80 рабочых будаўнічага трэста, якія накіравалі скаргу ў пракуратуру Цэнтральнага раёну Магілёву з патрабаваньнем адмяніць вынікі нелегітымнай канфэрэнцыі. Як адзначыў Аляксей Паўлоўскі (цытую): “Калі мы дакажам фальсыфікацыю вынікаў, то толькі на гэтым прыкладзе зможам паказаць нелегітымнасьць і незаконнасьць правядзеньня так званага народнага сходу. Людзі, якіх выбіраюць пад ціскам начальства, ня могуць казаць ад імя ўсяго народу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG