Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“УВАСКРАСЕНЬНЕ ХРЫСТОВА БЫЛО ЗДАРЭНЬНЕМ КАСЬМІЧНАГА ЗНАЧЭНЬНЯ”


ул. інф.

“Калі Хрыстос не ўваскрос, дык марная вашая вера, і вы застаецеся ў сваіх грахох” (1 кар 15:17).

Гэтыя словы, напісаныя сьв. Паўлам хутка пасьля першага Вялікадня, – Уваскрасеньня Хрыста, – застаюцца ў сіле сёньня, калі мы сьвяткуем першы Вялікдзень у трэцім тысячагодзьдзі. У гэты дзень мы прыгадваем перамогу жыцьця над сьмерцю ў асобе Ісуса Хрыста, які, як кажацца ў літургічных сьпевах, “памёр як чалавек, і ўваскрос як Чалавекалюбец”, узьняўшы з сабою людзкую прыроду, якую ён прыняў. Вялікдзень – гэта аднаўленьне чалавека ў Богу праз Ісуса Хрыста. Дый ня толькі чалавека, але ўсяго сьвету, усяго стварэньня, якое, як добра сказаў сьв. Павал, “нецярпліва чакае... ў надзеі, што і яно бедзе вызваленае зь няволі тленнасьці, каб удзельнічаць у свабодзе і славе дзяцей Божых” (Рым 8:20-21).

Псалміст кажа: “Нябёсы пяюць славу Божую, пра творы рук Ягоных расказвае небасхіл” (Пс 18:1). Адным з вынікаў адыходу чалавека ад Бога была страта ім пачуцьця павагі да Божых твораў. Ён забыўся, што ў Божым пляне кожны твор мае сваё месца і прызначэньне, сваю годнасьць, і сваім існаваньнем нагадвае нам пра веліч Божую. Страціўшы павагу да тварэньня, чалавек, замест таго, каб карыстацца імі разумна паводле задумы Божай, пачаў выкарыстоўваць іх для сваіх самалюбных мэтаў, незважаючы як гэта адаб’ецца на іншых і на ўсім асяродзьдзі. Таму маем вялікія няшчасьці, выкліканыя самымі людзьмі. Беларусам, якія адчулі на сабе вынікі Чарнобыльскай катастрофы, ня трэба гэтага тлумачыць.

Для айцоў Царквы Ўваскрасеньне Хрыстова было здарэньнем касьмічнага значэньня. Не бяз слушнасьці яны называлі яго новым актам тварэньня.

Вялікдзень неразьдзельна зьвязаны з асобай Ісуса Хрыста. Хто ж Ён такі? Ёсьць людзі, гатовыя прызнаць Яго як вялікага настаўніка, заснавальніка этычна-рэлігійнага вучэньня, магчыма, аднаго з найбольш дасканалых сярод многіх іншых вучэньняў, але нічога больш. Яны зводзяць Хрыста да чыста людзкога ўзроўню. Уваскрасеньне Хрыста для іх ня мае сэнсу, і яны адкідаюць яго, або стараюцца даць яму свае тлумачэньні. Усе яны не даюць здавальняючага адказу, бо не бяруць пад увагу, што Ўваскрасеньне займае цэнтральнае месца ў эвангельскіх аповядах. Жыцьцё і дзейнасьць Хрыста на зямлі трацяць сэнс без Уваскрасеньня, якое было іхнім завяршэньнем. Сьвяты Павал разумеў гэта вельмі добра, калі сказаў: “Калі мы толькі ў гэтым жыцьці спадзяемся на Хрыста, то мы больш за ўсіх іншых людзей годныя літасьці” (1 Кар 15:19).

Хрыстос не хаваў таго, хто Ён і якая ягоная мэта на зямлі. Тое, што Ён казаў, было непрымальным для духоўных настаўнікаў народу, сярод якога Ён жыў і дзейнічаў. Ня ў змозе даць Яму адказ, яны вырашылі зьнішчыць Яго фізычнаю сілаю. Крыжовая сьмерць была лягічным вынікам іхняга стаўленьня да Хрыста. Ня ведаю, ці яны ўсьведамлялі, што іхняя перамога была ў сапраўднасьці паразай. Ужыўшы фізычную сілу супраць Хрыста, яны паказалі сваю духоўную слабасьць, няўпэўненасьць у праўдзівасьці ўласных перакананьняў, і страх перад тым, каб іншыя не даведаліся праўды.

Фізычная сіла – зброя слабых. Хрыстос ня меў патрэбы ў ёй і адмовіўся ўжываць яе нават каб абараніць сябе. Ён быў моцны перакананьнем праўды таго, што Ён казаў і рабіў. Ён ведаў, што праўда пераможа, што яе нельга схаваць, як нельга ўтрымаць у магіле таго, хто сказаў пра сябе, што Ён – “Дарога, Праўда і Жыцьцё”.

Дык хай жа гэтае Велікоднае сьвята ўзмоцніць нашу веру ў канчатковую перамогу праўды і надзею ў новае, поўнае жыцьцё ў Хрысьце Ісусе, Госпадзе і Збаўцам нашым.

ХРЫСТОС УВАСКРОС!

Вялікдзень 2001 г.

а. Аляксандар Надсан
XS
SM
MD
LG