Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“НЯХАЙ ПАДТРЫМАЕ ЁН УСІХ, ХТО ХОЧА ТВАРЫЦЬ КУЛЬТУРУ НАДЗЕІ”


ул. інф.

Вялебныя айцы,
Дарагія манахі, манашкі і браты сэмінарысты!
Любыя ў Госпадзе браты і сёстры!
Шаноўныя сябры!

1. Міласэрны Бог дазваляе нам урачыста сьвяткаваць першае сьвята Пасхі Гасподняй у новым тысячагодзьдзі і – што важна – сьвяты гэтыя ў сёлета ўсе хрысьціяне будуць адзначаць разам. Увесь хрысьціянскі сьвет згодна абвесьціць радасную навіну:

ХРЫСТОС УВАСКРОС – САПРАЎДЫ ЎВАСКРОС!

Гэтае сумеснае сьвяткаваньне Вялікадня павінна яшчэ больш паглыбіць і ўмацаваць дух прымірэньня і братэрства паміж хрысьціянамі ў нашай Бацькаўшчыне-Беларусі. Уваскрасеньне Хрыстова мусіць стаць для нас усіх крыніцай новай жывой надзеі і новай сілы ў складаньні хрысьціянскага сьведчаньня.

У гэты сьвяточны час ад усяго сэрца мы прагнем разам сьпяваць:

Хрыстос – мая Сіла, Бог і Госпад,
пачэсная Царква дастойна пяе і кліча,
спаўняючы сьвята з чыстым роздумам
у гонар Госпада.
(Канон Пасхі, песьня 4)

У гэтыя сьвяточныя дні з глыбіні сэрца, голасна абвесьцім сьвету, што Ўваскрослы Хрыстос – наша надзея і крыніца новага жыцьця.

2. У богаслужэньнях сьвятой Царквы на працягу трох дзён мы духоўна асэнсоўвалі таямніцу цярпеньняў, крыжа, пахаваньня ды ўваскрасеньня Хрыстова, адкрываючы для сябе, што Ён сапраўды Пераможца і Жыцьцядаўца:

Калі Ты зышоў да сьмерці, Жыцьцё несьмяротнае,
Ты зьнішчыў пекла зьзяньнем Боскасьці Тваёй;
калі ж Ты і памёрлых з апраметнай уваскрасіў,
усе сілы нябесныя ўсклікнулі:
Жыцьцядаўча, Хрысьце Божа наш,
слава Табе!

(Ютрань Вялікай Суботы)

Гэтая старажытная хрысьціянская песьня нагадвае нам, што сіла зла і цемра падману былі пераможаныя “зьзяньнем Боскасьці” Госпада Ісуса Хрыста. І таму сёньня мы не павінны хадзіць у цемры падману, мы можам хадзіць у зьзяньні дзяцей Божых і захоўваць унутраную свабоду (пар. 1 Ян 1, 7).

Вялікдзень адкрывае нам, што Хрыстос – пераможца, Жыцьцядаўца ды нашая Надзея. Хрысьціянін жа мусіць быць Ягоным сьведкам – чалавекам надзеі.

Мы адчуваем сябе пакліканымі, каб быць людзьмі надзеі і не паддавацца роспачы. З асаблівым пачуцьцём духоўнай блізкасьці мы думаем сёньня пра моладзь нашай Айчыны, пра ўсіх тых маладых людзей, якія, незважаючы на цяжкасьці, не паддаюцца роспачы і расчараваньню, але зьяўляюцца носьбітамі надзеі. Узгадваем іх у малітвах і просім Уваскрослага Госпада, каб Ён сам быў для іх крыніцаю незгасальнае надзеі.

Няхай Уваскрослы Хрыстос, які “сьмерцю сьмерць зваяваў”, падтрымлівае ўсіх – маладых і старэйшых, якія хочуць несьці хрысьціянскую надзею тым, каго зьняволіў алкаголь, наркотыкі ды ўсялякія іншыя формы няволі. Няхай падтрымлівае Ён усіх тых, якія хочуць тварыць “культуру надзеі”, апрамененую сьвятлом Уваскрасеньня Хрыстовага.

3. Сумеснае сьвяткаваньне Ўваскрасеньня Хрыстовага абуджае ў нас таксама надзею на далейшы працяг працэсу прымірэньня паміж хрысьціянамі і вяртаньне поўнай еднасьці. У завершаным Юбілейным Годзе на гэтым шляху зроблена некалькі важных крокаў. І сёньня патрабуецца яшчэ больш адвагі і надзеі, каб гэты шлях пракладваць далей.

З сапраўднай пасхальнай адвагаю і надзеяй Сьвяты айцец Ян Павал II ажыцьцяўляе ў пэрыяд з 4 па 9 траўня гэтага году Юбілейную Пілігрымку ў Грэцыю, Сырыю і на Мальту – сьлядамі сьв. Апостала Паўла. Яго Сьвятасьць ужо даўно прагнуў зьдзейсьніць гэтае паломніцтва, але стала магчымым гэта толькі цяпер. Нашай малітвай мы прагнем спадарожнічаць разам са Сьвятым Айцом, каб спатканьне з праваслаўнымі грэкамі збурыла мур недаверу, які існуе праз многія вякі, каб яно паслужыла сапраўднаму збліжэньню Праваслаўнай і Каталіцкай Цэркваў.

У Сырыі Сьвяты Айцец Ян Павел II сустрэнецца са шматлікімі католікамі розных абрадаў, а таксама з прадстаўнікамі Ўсходніх некаталіцкіх Цэркваў розных традыцыяў. З пэўнасьцю можна лічыць гэта цудоўным сьведчаньнем братэрства, што ўжо існуе, а таксама заклікам да працягу справы еднасьці хрысьціянаў.

Гэты візыт будзе таксама нагодаю для сустрэчы з мусульманскай супольнасьцю, для будаваньня ўзаемнага даверу сярод вызнаўцаў Адзінага Бога і для паглыбленьня супрацоўніцтва ў справе аховы маральных каштоўнасьцяў у грамадзкім жыцьці. Гэтыя намаганьні Першагерарха Паўсюднай Царквы – Папы Яна Паўла II, якія будзяць надзею, мы хочам падтрымаць нашай руплівай малітвай.

Сапраўдную пасхальную адвагу і надзею надае нам Пастырскі візіт Яго Сьвятасьці Папы Рымскага Яна Паўла II на Ўкраіну, які заплянаваны на 23-27 чэрвеня 2001 году. Сьвяты Айцец прыбудзе ва Ўкраіну на запрашэньне ўкраінскіх грэка-каталіцкіх і рыма-каталіцкіх біскупаў, а таксама прэзыдэнта Ўкраіны. Ён прыбывае ва Ўкраіну да верных католікаў розных абрадаў, але прагне таксама ў духу прымірэньня і братэрства спаткацца з герархамі і вернікамі Праваслаўных Цэркваў. Розныя цёмныя сілы прыкладаюць намаганьні, каб не дазволіць зьдзейсьніць экумэнічны намер візыту Сьвятога Айца. У сувязі з гэтым тым больш патрэбная нашая малітва, каб перамог дух Эвангельля, прымірэньня і братэрства, і каб гэты візыт Сьвятога Айца змог прынесьці багаты духоўны плён для ўсіх хрысьціянаў і ўсіх людзей добрае волі ва Ўкраіне.

Мы прагнем таксама прасіць Госпада Ісуса Хрыста, каб Сьвяты Айцец Ян Павал II змог праз нядоўгі час адведаць таксама Беларусь і сваім апостальскім словам мог узмоцніць надзею ўсіх хрысьціянаў нашай Бацькаўшчыны, падтрымаць справу духоўнага адраджэньня нашага грамадзтва і нашай нацыянальнай культуры.

4. Пасхальная Таямніца Хрыста зьяўляецца заклікам да міжхрысьціянскага прымірэньня. Вось ужо шмат гадоў прымірэньне ў духу Эвангельля і братэрскае міжканфесійнае супрацоўніцтва належыць да найбольш важных душпастырскіх задачаў у жыцьці нашае Царквы. Выявай гэтага ёсьць удзел прадстаўнікоў нашае Царквы ў працах міжканфэсійнай і міжнароднай рабочай групы, якая ўжо на працягу некалькіх гадоў працуе над тэмаю “Прымірэньне ў Эўропе – задача Цэркваў ва Ўкраіне, Беларусі, Польшчы і Германіі”. Чарговая сэсія гэтай Рабочай групы адбудзецца ў Кіеве 26-28 красавіка сёлета. У ёй таксама возьме ўдзел прадстаўнік нашае Царквы. Гэтую важную міжнародную сустрэчу і яе ўдзельнікаў даручаем вашым малітвам. Будзем прасіць у Госпада, каб кіеўская сустрэча была крокам, які паспрыяе плённасьці душпастырскага візыту Сьвятога Айца Яна Паўла II на Ўкраіну.

Уваскрасеньне Хрыстова зьяўляецца таксама крыніцай надзеі на духоўнае адраджэньне нашай Бацькаўшчыны і народу, якое пачынаецца зь веры і малітвы.

Таму прагну яшчэ раз нагадаць словы, якія скіраваў да вас у маім апошнім Пастырскім пасланьні: “Нашай малітвы – малітвы душпастыраў і вернікаў – на парозе Трэцяга Тысячагоддзя патрабуе нашая Царква. Нашай малітвы патрабуе наша Бацькаўшчына і тыя, што ёй верна служаць. Узьнёслае заданьне хрысьціянскіх бацькоў – навучаць дзяцей малітве. Брат і сястра, не шкадуй часу, каб вучыць тваіх дзяцей малітве на роднай беларускай мове. А калі любіш сваю родную беларускую мову і сваю Бацькаўшчыну, на роднай мове маліся за Бацькаўшчыну і Беларускі Народ. Без малітвы хрысьціянаў Беларусі немагчыма ейнае духоўнае адраджэньне. Сілай малітвы, аднак жа, можам рабіць рэчы па-людзку немагчымыя” (Слова на заканчэньне Вялікага Юбілею 2000 году).

Браты і Сёстры! Няхай нашая малітва, індывідуальная і супольная, будзе для нас усіх жывой сустрэчай з Уваскрослым Хрыстом, які абдорвае нас адвагаю і незгасальнай надзеяй.

Усіх вас, вашыя сем’і, вашых блізкіх і сяброў няхай сваёй адвагай і надзеяй абдорыць Уваскрослы Госпад.

З пастырскім блаславеньнем ды велікодным вітаньнем

ХРЫСТОС УВАСКРОС – САПРАЎДЫ ЎВАСКРОС!

+ архім. Сяргей (Гаек), візытатар
Менск, Пасха Хрыстова 2001 году.
XS
SM
MD
LG