Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“НЕМАГЧЫМА РАСЧАРАВАЦЦА Ў ІСУСЕ ХРЫСЬЦЕ!”


ул. інф.

Дарагія суайчыньнікі!

Шчыра віншуем усіх вас, вашыя дамы, вашыя сем’і, мужчын і жанчын, моладзь і дзяцей зь вялікім сьвятам – Уваскрасеньнем Хрыстовым! Абвешчана перамога жыцьця над сьмерцю, праўды над хлусьнёй, дабра над злом, любові над нянавісьцю. Усё пройдзе – пакуты, войны, хваробы, цяжкія жыцьцёвыя выпрабаваньні і само зямное жыцьцё, але наперадзе – радасьць уваскрасеньня, шчасьце вечнага жыцьця ў шчыльнай сувязі з Богам і ўсімі дзяцьмі Яго.

Разам зь велікодным віншаваньнем заклікаем усіх хрысьціянаў і ўсіх суайчыньнікаў да веры і да пастаяннага і абноўленага жыцьця ў Ісусе Хрысьце. Хай будзе ў кожнага з вас шчасьлівае сьвята, зьзяньне якога не памеркне, сьвятло якога не пагасьне, радасьць якога не мінецца.

Немагчыма расчаравацца ў Ісусе Хрысьце! Спадзявайцеся на Яго дапамогу і сілу, вяртайцеся да Яго з усімі праблемамі. Хай Гасподзь Ісус Хрыстос кіруе вашым жыцьцём, тады вечным сьвятлом будзе напоўненае ўсё вашае жыцьцё, жыцьцё вашага дому, жыцьцё нашай краіны.

Аляксандар Фірысюк,
епіскап баптыстаў Беларусі,
Вялікдзень 2001 г.
XS
SM
MD
LG