Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ПОЛАЦКУ І НАВАПОЛАЦКУ ЗЬБІРАЮЦЦА ПРАТЭСТАВАЦЬ ПРАДПРЫМАЛЬНІКІ СФЭРЫ АБСЛУГОЎВАНЬНЯ


Вінцэсь Мудроў, Наваполацак

Днямі прадпрымальнікі атрымалі афіцыйныя паперы за подпісам генэральнага дырэктара беларускага дзяржаўнага аб’яднаньня арганізацыі бытавой абслугі насельніцтва спадара Цялежнікава з прапановай увайсьці ў склад гэтага аб’яднаньня. Чыніцца гэта, як сказана ў паперах, у мэтах рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў сфэры бытавой абслугі насельніцтва і забесьпячэньня яе фінансавай стабільнасьці. Прадпрымальнікі пры гэтым мусяць выплочваць штомесяц сумы ў памеры мінімальнага заробку на апарат кіраваньня “Белбыту” і такую ж суму пералічаць у адмысловы інавацыйны фонд.

Дагэтуль прадпрымальніцкая дзейнасьць ажыцьцяўлялася на падставе ліцэнзіяў, якія выдаваліся аблвыканкамамі, цяпер жа яна падпадае пад дзяржаўны кантроль, і распачатая зараз кампанія мае выразную гістарычную паралель – гэта арганізаваная ў свой час бальшавікамі кампанія па каапэраціі рамесьнікаў і саматужнікаў.

На пытаньне, пададзенае неафіцыйным парадкам, што будзе з тымі, хто не пажадае ўступаць у афіцыйнае аб’яднаньне, – адказ быў такі: у “Белбыт” нікога сілком цягнуць ня будуць, але аб’яднаньне мае права пазбавіць любога індывідуала прадпрымальніцкай ліцэнзіі. Зь неафіцыйных размоваў стала таксама вядома, што кіраўніцтва “Белбыту” зьбіраецца кантраляваць і нават дыктаваць цэнаўтварэньне і ўзровень заработнай платы.

Улады такім чынам спрабуюць з дапамогай недзяржаўнага сэктару паправіць сытуацыю на дзяржаўных прадпрыемствах сфэры абслугі. А сытуацыя тая блізкая да калапсу. У Наваполацку колькасьць працаўнікоў на дзяржпрадпрыемствах абслугоўваньня скарацілася амаль у шэсьць разоў цягам апошніх 10 год. Мясцовае вытворчае аб’яднаньне бытавой абслугі насельніцтва спрацавала летась са стратамі ў 30 мільёнаў рублёў.

З падобным дыктатам прадпрымальнікі ня згодныя, і калі дзяржава іх не пакіне ў спакоі, яны зьбіраюцца пратэставаць.
XS
SM
MD
LG